Наваколле. Самы стары жыхар Беларусi

Проекты • редакция KYKY
Наваколле — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.

Шлях да самага старога жыхара Беларусі не блізкі. Ён жыве на заходнім ускрайку Палесся, недалёка ад Маларыты. Такім чынам, нашая сённяшняя вандроўка — на Берасцейшчыну.

А калі так, дык сам Бог загадаў кіравацца па “алімпійцы' — трасе Е30. Выязджаем настолькі рана, што ўвесь склад экспедыцыі прыходзіць у прытомнасць, толькі заправіўшыся кавай пад Баранавічамі. Тут вырашаем павярнуць на Слонім. Маем на ўвазе, што ў горадзе шмат цэркваў. Непадалёк — у Жыровічах — мужчынскі манастыр і духоўная семінарыя. Але ўсё гэта вядома яшчэ па школьных экскурсіях, таму ў Слоніме не спыняемся. Наша бліжэйшая мэта — Ружаны.

Жыць у Беларусі і не пабачыць ружанскую рэзідэнцыю Сапегаў — недаравальна. У XVII-XVIII стагоддзях тут прымалі каралёў і амбасадараў, захоўвалі казну Вялікага княства Літоўскага. Але наступны час прынёс палацу толькі разбурэнні. Спачатку тут прайшліся шведы. Падчас Першай Сусветнай адбыўся пажар. А пасля Вялікай Айчыннай вайны тутэйшыя разабралі ацалелыя сцены на цэглу.



Рэшткі палацу стаіць пасярод мястэчка, побач ёсць зручная паркоўка. Двое турыстаў, якія прыехалі сюды на роварах, хаваюцца ад дажджу пад адрэстаўраванай брамай. Адбудаваныя нанова і флігелі, што прымыкаюць да яе. Сваёй чаргі чакае “галоўны корпус'. Але пакуль што туды можна зайсці — і дакрануцца да сценаў, што памятаюць Сапегаў і Вялікае княства.

А вось Косаўскі палац — рэзідэнцыя Пуслоўскіх, пабудаваная ў 1838 – 1848 гадах — абнесены будаўнічым плотам. Яшчэ 15 гадоў таму гэтыя муры былі закінутыя сярод лесу, іх нават не было бачна з дарогі. У 2001-м студэнты гістфака БДУ арганізавалі тут валанцёрскі летнік: прыбралі смецце, ачысцілі кладку ад дрэваў. А ў якасці бонуса сыгралі канцэрт беларускай музыкі ў мясцовым ДК. Пасля летніка палац пачаў адкрывацца людзям.

Насупраць — з нуля — адбудавалі фальварак Мерачоўшчына, у якім нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Цяпер тут музей — аднак, зачынены па панядзелках. За драўляным навабудам — кавярня. Яна паўстала на месцы “дома аканома' — цагляных сценаў, што таксама выглядалі вельмі старымі. Усё гэта побач з Косава, а Косава — гэта самы малы горад Беларусі. Тут усяго 2 тысячы жыхароў. Але гэта той выпадак, калі памер не мае значэння: па ўспамінах, добры самагон вараць у кожнай трэцяй хаце. Пагрукайцеся — і вам адкрыюць!

Каб толькі праз такія прыгожыя палацы не забыцца пра галоўную мэту нашай вандроўкі — самага старога жыхара Беларусі! Доўгі час гэты тытул насіла Ганна Рагель. Бабуля нарадзілася 4 ліпеня 1889 года і жыла ў Маладзечне. Яна памерла ў 2010-м, калі, па дакументах, ёй быў 121 год. Шкада, але ў “Вікіпедыі' пра яе няма нават згадкі. Доўгажыхарства мусіць быць пацверджанае. А беларускім сялянам у 1889 годзе было не да пасведчанняў аб нараджэнні…

Працягваем падарожжа. Ёсць свая прыемнасць у тым, каб ездзіць невялічкімі беларускімі дарогамі. Гэта своеасаблівы даўншыфцінг: не так хутка, але паспяваеш паглядзець навокал, парадавацца лесу і здзівіцца назвам навакольных вёсачак. Праз Івацэвічы праскокваем на іншы бок трасы Е30 і неўзабаве апынаемся на Палессі.

Тут паўсюль “вулькі' — Вулька-Застаўская, Вулька-Папінская, Вулька-1… Тутэйшыя тлумачаць, што гэтая назва паходзіць ад слова “воля'. Вулькі — мясцовыя хутары. Наш наступны прыпынак — Янаў, апошні па алфавіце горад нашай краіны. На шляху да яго — Целяханы, малая радзіма савецкіх лыжаў.Памятаеце, як нязручна было мацаваць іх да ботаў? Але Янаў цікавы нам не гэтым. Недалёка адсюль, у вёсцы Варацэвічы, нарадзіўся Напалеон Орда. Да месца, дзе ўжо сёння працуе музей мастака і аднаўляецца яго сядзіба, ад горада не больш за дзесяць кіламетраў.


На ганку акуратнага доміка ў Варацэвічах нас сустракае заклапочаны чалавек у шэрым швэдары. Як выявілася пазней, гэта дырэктар музея Зміцер Казак. Пабачыўшы джып з надпісамі на бартах, ён хаваецца ў доме, а замест сябе высылае экскурсавода. Але тая, калі даведваецца, што мы журналісты, кліча дырэктара. Ён ізноў з'яўляецца перад намі і пахмурна паведамляе, што з журналістамі працуе толькі пасля паперы з выканкама. А паколькі ў нас такой паперы няма, нам давядзецца наведваць музей як прыватным асобам. У чым розніца, дырэктар патлумачыць не можа і знікае ізноў.


Мы ідзем у музей: тут куфары з дома Напалеона Орды, шафы з кнігамі, рэпрадукцыі яго малюнкаў і выстава твораў тутэйшых мастакоў. Квіток каштуе 6 тысяч рублёў. Вы не пашкадуеце!

Кіруемся далей па трасе М10. У Драгічыне спыняемся паесці — харчавацца ў рэстаранах робіцца характэрнай рыскай нашых вандровак. У спаборніцтве “дзе танней' Драгічын саступае Ганцавічам — тут мы аддаем за абед каля 57 тысяч з носа. Тутэйшыя раяць нам заехаць у вёску Бездзеж, дзе працуе адзіны ў свеце музей фартухаў. Маўляў, там і пакормяць. Занатоўваем гэтую ідэю і рушым далей, але неўзабаве ізноў збочваем з трасы. Нас завабіў указальнік на геадэзічную Дугу Струвэ. Што гэта такое, ніхто не ведае, таму і цікава. Таму і едзем. У лес. І пасярод лесу знаходзім вось такі мемарыял:

Дуга стваралася ў першай палове XIX стагоддзя. Пад кіраўніцтвам расійскага астранома Васіля Струвэ ў зямлю закопвалі двухметровыя каменныя кубы. Мэта — удакладніць памеры і форму Зямлі. Ці атрымалася — не ведаем. Але ў 2005 годзе Дуга Струвэ абвешчаная UNESCO помнікам сусветнай спадчыны.

Вяртаемся на трасу: да самага старога жыхара Беларусі засталося зусім крышачку! Аб'язджаем Кобрын і паварочваем на Маларыту. Пра яе мы раней чулі, а вось пра Вялікарыту, што знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад “малодшай сястры', не ведалі. Парадокс, але Вялікарыта — вёсячка, а Маларыта — горад! Побач з Вялікарытай паварочваем з трасы Р17 направа. Мінаем Дубічна і Новае Раматава.

Дарога робіцца ўсё горшай: спачатку пясок, пасля ўвогуле нешта больш падобнае да прасекі. Поўны прывад Volkswagen Tiguan тут вельмі да месца… Але хто сказаў, што будзе лёгка? І калі з дарогамі ў такой глушы бяда, то з мабільнай сувяззю сітуацыя адваротная: шлях да месца хутка пракладваецца на інтэрнэт-картах.



Пятляючы паміж дрэваў, раптам выскокваем на роўны кавалак, які апынаецца часткай эколага-турыстычнай сцежкі “Дубовая'. Пункт №10 на сцежцы — мост праз рэчку, дзе сваволяць бабры.

А пункт №11 — нашая мэта: цар-дуб, самае старое дрэва Беларусі. Яму больш за 800 гадоў. А калі верыць таблічцы, змешчанай побач, дык і ўсе 859!



Мы ўяўлялі сабе, што гэтае дрэва будзе красавацца пасярод пшанічнага поля. Але, відаць, дубы-самотнікі да такога сталага веку не дажываюць.

Самы стары беларус жыве ў лесе, пасярод іншых дрэваў. Ён вышэйшы за суседзяў, яго крона хаваецца ў іншых галінках. Уздоўж дуба працягнуты металічны дрот, каб адвесці выпадковую маланку. Парастак дуба прабіўся скрозь зямлю тады, калі нарадзіўся Міндоўг — заснавальнік Вялікага княства Літоўскага. Ужо тады навокал быў лес, таму першыя буйныя галіны выраслі ў дуба вельмі высока. А ўвесь ён вымахаў на 45 метраў уверх — гэта вышыня 15-павярховіка.

Ахапіць цар-дуб утрох не атрымліваецца. Ды і ўчатырох — не рэальна. А таксама не мае сэнсу: калі ахопліваць учатырох, дык фатаграфаваць няма каму! Таму на развітанне фатаграфуемся з самым старым жыхаром Беларусі — і вяртаемся ў Мінск.




Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i Першаму хатняму аўтацэнтру «Атлант-М на Машынабудаўнікоў», а таксама аўтацэнтру «Атлант-М Сухарава» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Наваколле. Самая марская вёска Беларусі

Проекты • редакция KYKY

Наваколле — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.