Гадзіннік толькі-толькі перакуліў малую стрэлку за дзевяць гадзін раніцы. У пляцаку — вандроўны нататнік, фотакамера, а на заднім крэсле ўтульнага Volkswagen Golf — ладны запас вады. Сённяшняя экспедыцыя хоць і не з'яўляецца маштабнай, але вызначаецца скрупулезнай падтрыхтоўкай. Перад ад'ездам жартуем, што толькі альпінісцкія кошкі і кірку дома пакінулі — у горы ж сабраліся! Наперадзе нас чакае гара Дзяржынская, вышэйшая кропка Беларусі. Здаецца, усе са школы ведаюць пра яе, аднак далёка не кожны можа пахваліцца тым, што “скарыў' яе па-сапраўднаму.
Дарога да Дзяржынска займае каля 30 хвілін, але мы робім невялічкае кола і накіроўваемся ў Станькава — вёску з больш чым 600-гадовай гісторыяй! Паселішча адкрываецца перад намі доўгімі вайсковымі платамі і старымі, парэпанамі будынкамі казармаў. Аднак праз некалькі хвілін па левым баку ўсё запаланяе зялёны масіў — парк даўнішняй сядзібы шляхецкага рода Гутэн-Чапскіх, якім вёска належала да 20-ых гадоў мінула стагоддзя. Паркуемся непадалёк ад прыпынку маршруткі і нетаропка заходзім у парк. Кажуць, што пры Чапскіх тут пасадзілі каля 500 відаў дрэў.
І калі парк яшчэ здолеў захаваць сваю годнасць, ад тагачаснага палаца амаль нічога не засталося. Пра былую веліч сядзібы нагадваюць хіба што некалькі твораў славутага жывапісца Напалеона Орды, чорна-белыя здымкі, пабітая часам Усходняя брама і колькі захаваных пабудоў.
Сярод іх сваёй мудрагелістай, казачнай архітэктурай вылучаецца Скарбніца.
Гэта зараз у агароджаны хісткім платком зачынены цагляны будынак патрапіць амаль немагчыма, а калісьці тут было кнігасховішча з творамі паэта Адама Міцкевіча, археолага Яўстаха Тышкевіча, буйная калекцыя манет і мастацкіх твораў. Пры Саветах у Станькаве замест “буржуазных' Чапскіх з'явіўся новы герой — юны піянер-разведчык, герой Савецкага Саюза, ураджэнец вёскі Марат Казей. А таму не дзіўна, што ў Скарбніцы пэўны час дзейнічаў ягоны музей, пасля — бібліятэка. Цікава, што добра вядомы помнік Казею ў Мінску літаральна “пабудавалі' піянеры. Менавіта на грошы, сабраныя імі па ўсёй рэспубліцы, каля опернага тэатра і ўстанавілі легендарную бронзавую скульптуру хлопчыка за аўтарствам Сяргея Селіханава. Магіла юнага партызана таксама знаходзіцца тут — у Станькава.
Мы абмінаем старадаўнія дубы, прабіраемся ў самы гушчар парку. І раптам бачым тое, што наўрадці маглі нават уявіць у падобным месцы, — елкі, клумбы, кветкі, сценку, зробленыя з... пластыкавых бутэлек. Пасярод гэтай пластыкавай экзотыкі стаіць невялічкая лазенка.
Каля лазні нас сустракае сівы мужчына ў гранатавага колеру майцы. Кажа, што завуць яго Васілём, прозвішча — Ладзята. Адпрацаваў 36 гадоў фізруком у мясцовай школе-інтэрнаце, а цяпер, на пенсіі, вырашыў заняцца творчасцю.
— Я такі таварыш — самародак. Безумоўна, крыху прыпылены, бо які нармальны чалавек пачне займацца падобным, — робіць сабе рэкламу жыхар Станькава.— На ўсё патраціў каля 6000 бутэлек, якія паназбіраў у ваколіцах. А гэта — кіламетры матэрыялу! Вось памяць ад нажніц на далоні засталася, — кажа суразмоўца і паказвае працоўны мазоль на руцэ.
Аб творчасці самаробнага майстра палымяныя аматары нават пакідаюць тут водгукі, а газета “7 дзён', якую Ладзята называе па-англійску “Сэвэн дэйз', надрукавала артыкул з дыдактычным загалоўкам: “Не спешите выбрасывать пластиковые бутылки!'
На сцяне каля газетнай выразкі прымацавана драўляная выява Францішка Скарыны, якую, як аказваецца, збіраліся выкінуць са школы.
— А я на гэта ім адказаў: “Не, хлопцы, так не пойдзе! Я і Леніна не выкінуў, і Скарыну захаваю'. Што сказаць, кадры яны яшчэ тыя…
Васіль Ладзята сцвярджае, што плагіятам у творчасці не займаецца, сваёй любімай нацыяй называе японцаў, а жыццёвай філасофіяй лічыць наступнае выслоўе: “Што захацеў арганізм, тое яму і даю. Не крыўджу яго ніколі'.
На развітанне мы жадаем яму ўдзячных японскіх турыстаў, абяцаем прыехаць яшчэ раз і накіроўваемся да машыны. Наперадзе нас чакае гара Дзяржынская.
Аднак перад гэтым спыняемся падсілкавацца ў райцэнтры. Пасля сядаем у машыну, абмінаем на шляху касцёл святой Ганны і выскокваем за горадам на дарогу да Заслаўя. Вакол такія краявіды, якімі грэх не палюбавацца!
Па дарозе спыняемся каля вышкі МТС і робім пару здымкаў беларускага высакагор'я.
Хутка паварочваем на Скірмантава і праз некалькі хвілін спыняемся ля памятнага знака. Усё, мы на вышэйшай кропцы краіны!
Праўда, аб гэтым акрамя гранітнага помнічка з надпісам “Гара Дзяржынская. Вышэйшая кропка Беларусі. Вышыня 345 м над узроўнем мора' нічога не нагадвае. Мы стаім на звычайным пагорку. За спіной раскінулася вёска Скірмантава, справа — гудуць самыя высакагорныя беларускія сельскагаспадарчыя машыны, а насупраць ляжыць звычайны беларускі лес. Насамрэч гэты маленечкі помнічак перад намі — проста сімвалічны знак пры дарозе, а сама найвышэйшая кропка знаходзіцца дзесьці наперадзе.
Абмінаем нявялічкі плот і накіроўваемся па вільготнай, вузкай дарозе ў лес і праз пяць хвілін пераскокаў праз крапіву і высокую травую трапляем на вялікую пляцоўку, на якой нашы гаджэты паказваюць якраз 345 метраў.
Да 1958-га года, да перайменавання ў Дзяржынскую, гэту гару называлі Святой. Калісьці пры будаўніцтве саўгаснай майстэрні тут знаходзілі парэшткі людзей, а цяпер на вышэйшай кропцы краіны знаходзіцца сметніца і стаяць каркасы недабудаванага ці пакінутага памяшкання. Мы фатаграфуем гэту не вельмі маляўнічую карціну, вяртаемся лесам назад і накіроўваемся ў Глушынцы — самую высокую беларускую вёску.
На першы погляд яна цалкам падобна на тысячы астатніх нашых вёсак. Тут таксама пануе цішыня, і, як бачна, большасць двароў ужо знаходзіцца ва ўладанні дачнікаў.
Толькі пры другім абыходзе мы чуем шум у адным з двароў у самым пачатку вёскі і кіруемся адразу да брамкі. Пад брэх сабачкі загарэлы мужчына адкладвае ў бок дошкі і падыходзіць да нас.
На выгляд яму каля 60. Відаць, крыху здзіўлены нечаканым гасцям, аднак ахвотна адказвае на нашы пытанні.
— Мы, безумоўна, знаходзімся вышэй за Скірмантава, — пацвярджае наша меркаванне пра высакагорнасць Глушынцаў новы знаёмы Антон. — Але вёска ў нас маленькая. Амаль ніхто пастаянна не жыве. Раней было 12 жылых двароў, а цяпер 4-5. Што тычыцца гары, дык на яе пастаянна прыязджалі веласіпедысты, а зімой дзяўчаты ў пантофліках з аўтобуса выскоквалі (гаворка ідзе пра курорт Якуцкія горы).
Здзівіла ў размове са спадаром Антонам усяго толькі адна рэч. Вышэйшай кропкай Беларусі ён памылкова называе Лысую гару, якая знаходзіцца непадалёк ад Лагойска.
Праўда, прайшла гадзіна і мы зразумелі, што наш самы высокагорны жыхар у нечым меў рацыю. Калі ўязджаем у стромкую вёску, адразу пачынае закладваць вушы, а над табой ляжаць шыкоўныя даліны, нібы ты не ў Беларусі, а ў Альпах ці Карпатах.
Першая сустрэчная жыхарка вёскі тлумачыць нам, што, на жаль, да самой вяршыні дабрацца зараз на машыне неймаверна складана: яна пакрыта лесам, а сам слупок з дакладнай лічбай вышыні (342 метра) ўжо паваліўся і струхнеў. Але мясцовай славутасцю з'яўляецца яшчэ адна рэч. Ужо даўно Лысую гару абляпілі дачнікі, сярод якіх даволі шмат было пісьменнікаў. Напачатку 70-ых адзін з іх абраў сабе псеўданім Францішак-Вядзьмак Лысагорскі, пачаў пісаць даволі вострыя, сатырычныя творы накшталт добра вядомага “Сказа пра Лысую гару'. Яго аўтарства прыпісвалі шматлікім аўтарам, але сапраўдным Лысагорскім, як стала вядома пазней, быў наш славуты паэт Ніл Гілевіч. Вось такім чынам беларускія горы не проста натхняюць беларусаў на літаратурныя подзвігі, але і даюць ім сапраўдныя псеўданімы.
Мы выязджаем з Лысай гары і ў промнях цёплага вечаровага сонца паварочваем на Мінск. Хутка нас чакае чарговая вандроўка па Беларусі, а зараз — вячэра і доўгачаканы сон. Да сустрэчы ў Наваколлі!
Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i Першаму хатняму аўтацэнтру «Атлант-М на Машынабудаўнікоў» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».