5 декабря 2020, 12:48

Активист Дмитрий Дашкевич рассказал в своем фейсбук довольно показательную историю. О том, как дочь судьи приехала в Куропаты, чтобы извиниться за «сутки», на которые ее отец отправил Дмитрия еще в 2006 году. Читать без кома в горле этот диалог фактически нереарельно. 

«Да кабаку ля Курапатаў пад'ехала машына – разьвярнулася і стала. Зь яе выйшлі двое – мужчына і жанчына, веку ля 45 абодва. Я падумаў, што у кабак пруцца. Але ён гукнуў: «Дзе тут Зьмітро?!». А яна адказала: «Дык вось жа ён!»

– Мяне клічуць Натальля К., памятаеце такое прозьвішча?
– Не, – трохі разгубіўся я, бо заўсёды няёмка забыцца на чыёсьці імя ці прозьвішча.
– Мой тата даў вам суткі ў Першамайскім судзе.
– О! – абрадваўся я, бо памятаць прозьвішчы ўсіх сваіх судзьдзяў ніяк ня мог. Дзе ж іх упомніш усе тыя суткі, столькі іх было.
– 14 дзён выпісаў ён вам.
- О, дык я памятаю! – перапоўніла мяне зьдзіўленьне. – І да таго і пасьля таго ўвесь час давалі 15, а тады раз – і 14! І я запомніў іх аж дасюль! Гэты быў 2006 год, за Чарнобыльскі шлях.
– Так, 2006-ы.
– І як тата ваш, шчэ працуе? 
– Не, памёр. Прабачце яго! Тады ж не было чалавека, які займаўся адміністрацыйнымі справамі. А тата проста рабіў сваю працу…
– Так, на жаль рабіў, – уздыхнуў я, – будзем спадзявацца, што ён потым за гэта выбачыўся… Бог зь ім, я ні на кога не трымаю крыўдаў, галоўнае, што цяпер мы разам.
– Так, цяпер мы разам! – падхапіўся мужчына, спадар Алег. – Ці мог я падумаць паўгады таму, што я буду цяпер!.. Мы ж во – праз дарогу працуем. Я глядзеў, як стаіцё вы тут пад бел-чырвона-белым сьцягам і лічыў вас гэтымі, як яго… Не, не змагарамі нават… во – барцунамі! А 9 жніўня як шора з вачэй звалілася! Дык гэта ж наш нацыянальны сьцяг! Гэта ж наш сьцяг!
– Наш! – пацьвердзіў я.
-–І вось стаіш ты тут, а я быў супраць, што стаіш!
– Я стаю, каб мы зьвярнулі ўвагу на прычыну, каб зразумелі, што Лукашэнка – гэта заканамерны, лагічны вынік нераскаянага, неасуджанага камунізму.
– Так, цяпер мы ведаем! Я хоць за Савецкі саюз галасаваў, але за гэтую поскудзь ніколі не галасаваў! Але супраць вас быў. А цяпер шоры як зваліліся з вачэй – гэта ж нацыянальны, гэта ж наш родны сьцяг!
– Прабачце нас! – паглядзела на мяне са сьлязьмі на вачох Натальля!
– Дык няма вам за што выбачацца перада мною! – аж зусім няёмка стала мне і я яе абняў.
– За тое, што 20 год вы былі адзін! – не згадзілася яна і я ледзь сам стрымаў, каб не падкацілі сьлёзы.
– Ды ня быў я адзін…
– Мала было вас!
– Мала.
– Але цяпер нас многа!
– Цяпер многа!
– І цяпер мы пераможам!
– Цяпер пераможам!

Мы памаўчалі. І Натальля сказала на разьвітаньне: «Я даўно хацела папрасіць у вас прабачэньня за тату!» Зноў даўкі камяк падступіў мне пад горла. «Дзякуй, цяпер мы разам», – усё, што змог адказаць я і мы абмяняліся на разьвітаньне нацыянальным, родным нашым поклічам: – Жыве Беларусь! – Жыве вечна! 

І я застаўся з цяжкімі думкамі пра тое, зь якой жахлівай эпохі, зь якой антычалавечай сыстэмы мы выходзім – дзеці са сьлязьмі на вачох просяць прабачэньня за ўчынкі бацькоў. Гэта цяжка і для таго, хто просіць і нават для таго, у каго просяць, бо абодва перажываюць адно. Але яшчэ цяжэй, калі праліта нявінная кроў, калі ўжо няма ў каго перапрасіць, бо хто тады прабачыць? Але ёсьць Той, Хто прабачае і нават прагне прабачыць – нябёсны Тата, які дзеля нявіннай крыві сына свайго прабачае і правіны чалавека, і правіны народа. Былі б мы толькі гатовыя прасіць. І мне здаецца, што мы, як нацыя, ужо падыходзім да таго моманту, калі скажам: «Мы даўно хацелі папрасіць у цябе прабачэньня!» І прабачэньне таты зробіць нас адроджанымі людзьмі ў адроджанай краіне». 

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter
По теме