Хлопец з Заходняй Беларусі
«Бацька не любіў расказваць пра вайну. Аднак былі выпадкі, калі ён усё ж вяртаўся ў тыя жудасныя 1940-я і расказваў пра баі ў Італіі. Усё было так, як расказвалася ў фільме. Кроў, бруд і гераізм нашых беларускіх хлопцаў», – адзначае ў размове Тамара Іванаўна. Гісторыя жаўнера 5-й крэсовай пяхотнай дывізіі 2-га польскага корпусу 8-й брытанскай арміі Івана Васільевіча Балановіча яскрава ілюструе, праз якія выпрабаванні прыйшлося прайсці нашым суайчыннікам, жаўнерам Арміі Андэрса ў гады Другой Сусветнай вайны.
Наш герой нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёске Падзерычы, Стаўбцоўскага павета, Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польшчы ў звычайнай сялянскай сям'і. Да пачатку Другой Сусветнай працаваў на зямлі, дапамагаў па гаспадарцы бацькам. Увосень 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да СССР. Адным са спосабаў саветызацыі жыхароў новых заходніх ускраін быў прызыў у Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. Вось і малады беларус у 1940 годзе быў мабілізаваны ў савецкае войска. Да восені 1941 года Балановіч праходзіў службу ў кавалерыйскім палку ў Кіравабадзе, а пазней быў накіраваны ў будаўнічы батальён у Астрахань.
У войску Андэрса
У жніўні 1941 года з ліку былых вайсковапалонных польскага войска і дэпартаваных грамадзян Другой Рэчы Паспалітай на тэрыторыі СССР пачынае фарміравацца так званая «Армія Андэрса». Пра гэта даведаўся і «будбатавец» Балановіч. У снежні 1941 года ён звярнуўся да савецкага камандавання з заявай аб пераводзе ў польскае войска. У якасці абгрунтавання свайго жадання беларус адзначыў той факт, што да верасня 1939 года ён быў польскім грамадзянінам. Бальшавікі ў той момант яшчэ не ставіліся варожа да войска пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса, таму амаль усе заявы такога кшталту разглядалі пазітыўна.
У рэшце рэшт, жыхар Стаўбцоўшчыны аказаўся ў першай роце 5-га сапёрнага батальёна 5-й Віленскай пяхотнай дывізіі Войска Польскага (камандуючы – брыгадны генерал Мячыслаў Барута-Спяховіч). Гэтая вайсковая адзінка была сфармавана ўвосень 1941 года ў мястэчку Тацішчаў ля Саратава. Першапачаткова, польскіх жаўнераў апранулі ў мундзіры былых латвійскага і эстонскага войскаў. Так працягвалася, пакуль брытанцы не даслалі для Арміі Андэрса ў СССР сваю ўніформу. Пасля атрымання зброі і кароткага вайсковага курсу падрыхтоўкі, жаўнеры дывізіі былі перакінуты ў Джалалабад у Кіргізіі. Дарэчы, камандзірам штабу 5-й Віленскай быў… падпалкоўнік Зыгмунт Берлінг.
Беларус Іван Балановіч далучыўся да 5-й дывізіі менавіта ў Сярэдняй Азіі. Тут працягвалася падрыхтоўка гэтага злучэння да баявых дзеянняў. Сапёраў вучылі размініраваць пярэдні край абароны ворага і пераправы. Гэтыя веды спатрэбяцца жаўнерам Андэрса падчас баявых дзеянняў у Італіі.
Шлях у Італію
У жніўні 1942 года 5-я Віленская пяхотная дывізія пачала эвакуацыю з СССР у Іран. Праз тыдзень яна была перадыслакавана ў Ірак, дзе яе рэарганізавалі паводле брытанскіх штатаў ваеннага часу.
Аднак былыя вязні савецкіх турмаў і ГУЛАГу яшчэ не да канца былі гатовыя да баявых дзеянняў. Шмат жаўнераў працягвала хварэць. У выніку гэтага было прынята рашэнне ператварыць 6-ю Львоўскую і 5-ю Віленскую дывізіі пяхоты ў аднайменныя брыгады і злучыць іх у складзе новай 5-й Крэсовай дывізіі пяхоты.
Іван Балановіч працягваў служыць у 5-м сапёрным батальёне новай дывізіі. У складзе гэтага злучэння ён прайшоў Палестыну, Сірыю, Егіпет. У красавіку 1943 года яго накіравалі на трохмесячныя курсы кіроўцы, пасля якіх беларус вярнуўся ў дзеючае войска. У канцы лютага 1944 года разам з іншымі жаўнерамі Іван Васільевіч аказаўся ў Італіі. Ён удзельнічаў у абарончых баях на рацэ Сангро. Польскія сапёры абяскоджвалі бомбы, якія немцы скідвалі на італьянскія масты і чыгуначныя станцыі.
Гэтая праца была вельмі рызыкоўнай, бо нацысты часта ставілі ў бомбы механізм з зацяжным дзеяннем, разлічаны на выбух праз гадзіны, пасля падзення іх на зямлю.
За гераізм, праяўлены падчас гэтай небяспечнай працы Іван Балановіч быў узнагароджаны брытанскім «Абарончым медалём».
У маі 1944 года беларус прыняў удзел у кровапралітнай Бітве пры Монтэ-Касіна. За гэта, а таксама за баі ля Анконы летам 1944 года Іван Васільевіч быў узнагароджаны «Італьянскай зоркай». Нарэшце, у канцы вайны ён атрымаў брытанскі медаль за удзел у Другой Сусветнай вайне. У жніўні 1945 года Балановіч быў пераведзены ў 17-ю рэзервовую інжынерную роту 2-га польскага корпусу 8-й брытанскай арміі. У асабістай справе жаўнера, якая захоўваецца ў Вялікабрытаніі, адзначана, што ён меў добрую вайсковую падрыхтоўку, быў дысцыплінаваны, падчас баявых дзеянняў праявіў сябе мужна.
Вяртанне дамой
У жніўні 1945 года жыхар Стаўбцоўшчыны знаходзіўся ў Брытанскім рэпатрыяцыйным лагеры ў італьянскім мястэчку Чарвінара. Адтуль праз некалькі месяцаў ён выехаў у польскія Катовіцы і ў снежні 1945 года аказаўся ў БССР. Радзіма сустрэла былога «андэрсаўца» не ветліва. У Берасці органы НКУС некалькі дзён дапытвалі былога польскага жаўнера, аднак пазней выдалі яму дазвол на вяртанне на Радзіму.
Іван Балановіч паехаў у вёску Падзерычы, якая тады знаходзіліся ў складзе Баранавіцкай вобласці. Хутка ажаніўся, аднак спакойнае жыццё працягвалася ня доўга. У чэрвені 1946 года жаўнера арміі Андэрса выклікалі ў міліцыю. У будынку райадзелу з ім размаўлялі «чэкісты». Балановіча падрабязна дапыталі наконт яго службы ў польскім войску пад брытанскім камандаваннем. Падчас допыту беларус адзначыў, што ў жніўні 1944 года яго арыштавала польская жандармерыя па падазрэнні ў распаўсюджанні сярод жаўнераў 5-й крэсовай дывізіі «агітацыі на карысць Савецкага Саюзу».
У размове з супрацоўнікамі савецкіх спецслужбаў Іван Васільевіч адзначыў, што польскі вайсковы трыбунал прысудзіў яго да дзвух гадоў турэмнага зняволення ў турме італьянскага горада Матэра. Аднак пазней беларуса вызвалілі і накіравалі ў Польшчу, адкуль ён і прыехаў у СССР. Варта, аднак, падкрэсліць, што ў асабістай справе Балановіча, якая захоўваецца ў Вялікабрытаніі, няма ні слова пра вайсковы трыбунал і пакаранне. Відавочна, беларус адчуваў тое, чым можа скончыцца яго «польская служба», і вырашыў агаварыць сябе.
Дарэчы, хутчэй за ўсё, менавіта гэта выратавала яго ў канцы 1940 – пачатку 1950-х, калі былых «андэрсаўцаў» пачалі дэпартаваць у Сібір.
«Відавочна, бацька ўратаваў нам жыццё і здарое тым, што расказаў нкусаўцам пра гэты польскі трыбунал», – кажа дачка героя Тамара Кійко. «У 1951 годзе шмат каго з яго былых таварышчаў па службе выслалі ў Сібір. Бацька за нас увесь час баяўся. Мне ўжо пазней расказвалі, што аднойчы ноччу ён доўга нешта паліў у печы. Як высветлілася пазней, тады Іван Васільевіч спаліў ўсе брытанскія ўзнагароды, атрыманыя за ўдзел у Другой Сусветнай вайне, дакументы, здымкі са службы. Такія нялюдскія часы былі».
Сям'ю Балановічаў у 1951 годзе не дэпартавалі. Пазней пра былых «андэрсаўцаў» савецкія органы забылі. Але статус ветэранаў ім не давалі. «У бацькіным вайсковым білеце запісана, што ён служыў у 1941 годзе ў Чырвонай Арміі. А пазней пуста. Не прызнавалі іх удзельнікамі Вялікай Айчыннай. А яны ж удзельнічалі ў Другой Сусветнай вайне. Так, не ў савецкім войску. А што, яны горш ваявалі за чырвонаармейцаў? Колькі беларусаў назаўсёды засталося пад Монтэ-Касіна», – з гораччу кажа Тамара Іванаўна.
Пошукі праўды на Радзіме
Былы сапёр 5-й крэсовай дывізіі да канца жыцця займаўся ўласнай гаспадаркай, памёр у 2001 годзе. Яшчэ пры жыцці «андэрсаўца», яго дачка пачала пісаць у розныя інстанцыі, каб бацьке далі «Пасведчанне ўдзельніка вайны». «У савецкія часы на мае лісты прыходзіў адказ, што я быццам бы за льготы б'юся. А я ж хацела каб перамагла гістарычная праўда. Бо мой бацька і такія як ён, змагаліся супраць нацызма, не шкадуючы ўласнага жыцця. Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, я працягвала дабівацца свайго. Пісала ў Адміністрацыю прэзідэнта, юрыдычную калегію, беларускія архівы. Нарэшце, дзякуючы Амбасадзе Вялікабрытаніі ў Мінску удалося атрымаць дакументы, якія пацвярджаюць не толькі удзел маяго бацькі ў Другой Сусветнай вайне, але і тое, што за свой гераізм ён быў узнагароджаны брытанскімі ўзнагародамі. Шкада, што ён да гэтага не дажыў. Галоўнае, што праўда перамагла», - адзначае Тамара Іванаўна.
Гісторыя ўдзелу беларусаў у складзе 2-га польскага корпусу ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў сапраўды заслугоўвае паважлівага стаўлення з боку сучасных жыхароў Беларусі. Для нашых продкаў Другая Сусветнай вайна пачалася ў верасні 1939 года і з першага дня гэтага жудаснага выпрабавання беларусы разам з прадстаўнікамі іншых нацый рабілі ўсё, каб перамагчы нацызм. Калі беларускіх «андэрсаўцаў» шануюць і паважаюць у Польшчы, Італіі і Вялікабрытаніі, то мы, сучасныя беларусы, павінны зрабіць усё, каб і на Радзіме памяць пра гэтых людзей захоўвалася належным чынам.