Чырвоная пустыня. «Антаніёні – адзін з рэжысёраў, з якіх пачалося маё знаёмства з арт-кінематографам»
Мне падабаецца, что Антанiёнi заўсёды здымае кiно пра стасункі паміж людзьмі. Не пра палітычныя калізіі, не пра нейкія сацыяльныя з'явы – ён не знаходзіцца пад уплывам нейкай ідэалогіі. Антаніёні – мастак, які мае сваю візію пра два космасы: мужчынскі і жаночы. Жанчыны у яго, дарэчы, амаль заўсёды вельмі моцныя, але вельмі ранімыя – ён здымае пра нейкую адчужанасць. І ў Монікі Віцці тут такі халодны, загадкавы вобраз – мне здаецца, гэта ўвасабленне пакалення: чалавек, які не можа знайсці спакой. Пры гэтым рэжысёр не дае нам адказаў на пытанне, чаму яна такая.
Мне здаецца, яе вопратка – гэта не сцэнічны касцюм, героі Антаніёні заўсёды апранутыя ў простыя і мінімалістычныя рэчы. Хаця па колеры ўсё вытанчана. У стваральнікаў фільма была мэта – дакладна падабраць халодныя колеры ў кадры. Як гэтае цудоўнае смарагдавае паліто, якое я прымярала.
Шэрбургскія парасоны. «Катрын Дэнёў для мяне –жанчына з шэрагу Жанны Маро і Брыджыт Бардо»
Добры, мілы фільм, класіка французскага кінематографа. Ён трошачку ванільны, візуальна вытанчаны, і мадэльеры тут выдатна папрацавалі. Увесь час мы глядзім на вельмі прыемныя пастэльныя колеры – уражанне такое цёплае, трошку сумнае. Нечым ён мне падаецца падобным да «Ла-Ла-Лэнда». Таксама мюзікл, таксама гісторыя кахання, на шляху якога стаяць нейкія перашкоды. Але строі і светабачанне персанажаў «Шэрбургскіў парасонаў» адпавядаюць модзе мінулага часу. Гераіня Дэнёў закохваецца ў аўтамеханіка Гі і адразу ж хоча выйсці за яго замуж. Кагнетыўны дысананс.
Тут музыка адметная – мне падабаюцца саўндтрэкі, якія пісалілся для французскага кіно 1960-х. Але ў дачыненні да кіно я не факусуюся на краіне або часе: у мяне ёсць шэраг імёнаў рэжысёраў, якіх я лічу знакавымі для сябе і блізкімі. Гэта Таркоўскі, Антаніёні, Джон Кассаветыс, Фассбіндэр. Не заўсёды іх кіно – гэта прыемнае відовішча, але з пункту гледжання мастацтва гэта фільмы, якія хочацца пераглядаць.
Я была на Берлінале ў гэтым годзе, і толькі пасля даведалася, што там была Катрын Дэнёў, якая тут грае галоўную ролю. На жаль, Дэнёў я ўжывую так і не пабачыла. Яна для мяне жанчына з шэрагу Жанны Маро і Брыджыт Бардо. Гэта ракавыя прыгажуні, якія умеюць гуляць, i, не гледзячы на аб'ектыўную жаночую прывабнасць, з'яўляюцца моцнымі характарамі. «Шэрбургскія парасоны» – гэта адна з першых роляў Дэнёў, яна потым вельмі змянілася. Мне яна вельмі падабаецца ў фільмах Бунюэля, асабліва люблю фільм «Дзённая прыгажуня» – гэта эталонны вобраз Катрын. Але мне падабаецца, што яна і сёння застаецца сабой і пачувае сябе прыгожай і прывабнай, не гледзячы на сталасць. Мне таксама хочацца старыцца натуральна, не саромецца зморшчынак і не хаваць іх.
Летуценнікі. «Гэты фільм трэба глядзець у падлеткавым узросце – гэта ж эратычная драма»
Гэта адзін з маіх любімых фільмаў. Я яго глядзела разы тры на першых курсаў універсітэта, і ён мяне зачараваў сваёй свабодай. Шчыра кажучы, з таго часу я яго не пераглядала: некаторыя фільмы лепш не глядзець потым, каб не сапсаваць уражанне. Ды й на цяперашнюю маю жыццёвую прызму ён можа легчы інакш. Але фільм захапляе акцёрскай гульнёй, разважаннямі пра сэксуальнасць, каларыстычна ён вельмі прыемны. Увогуле, я вельмі люблю Берталуччы. Ягоны «Апошні імператар» – гэта такое эпічнае палатно!
Фільм «Летуценнкі» трэба глядзець у падлеткавым узросце, таму што ён пра свабоду - гэта ж эратычная драма. Часта ў людзей нейкае стэрэатыпнае ўяўленне пра голае цела ў кадры: яны яго баяцца! Але ж гэта натуральная з'ява – я зараз не пра порна-кар'еру Евы Грын, а пра аголенасць, у тым ліку і ў кіно. Гераіня Евы ў «Летуценніках» – гэта для мяне натуршчыца, якая пазіруе мастаку. Але якая гатовая і не толькі папазіраваць. Вось дзе паўстае пытанне пра межы асобы. У яе вопратцы я нічога незвычайнага не бачу, дзяўчыну ў такім строі можна лёгка сустрэць і ў Мінску.
Вялікі ўсплеск. «Цільда ў гэтым фільме – супер-зорка, якая здолела застацца простым чалавекам»
Я вельмі нераўнадушна стаўлюся да Цільды Суінтан, яна падаецца мне вельмі гарманічным і шчырым чалавекам. Так што выбар гэтага фільма – гэта мой аммаж ёй. Вобраз «Вялiкага ўсплеска» – гэта таксама мінімум мэйкапа, аксесуараў, лаканічная вопратка. У процівагу вобразу Дакоты Джонсан, якая там грае старлетку ў такіх адкрытых вопратках. А Цільда ў гэтым фільме - гэта асоба, якая адбылася; супер-зорка, якая здолела застацца простым чалавекам. Канешне, крымінальны сюжэтны ход – гэта ўжо сцэнарныя прыбамбасы, але на гэты фільм вельмі прыемна глядзець.
Дарэчы, фільм я глядзела на востраве Лідо на Венецыянскім фестывалі ў кінатэатры на паўтары тысячы чалавек. Тады акурат была сусветная прём'ера. Фільмы ўвогуле трэба глядзець на вялікім экране. Якасць карцінкі, суаднясенне прапорцый экрану, плюс у кінатэатры ты абстрагуешся ад сацсетак і працы. Хатні прагляд часта ператвараецца ў радыёспектакль.
Сама па фестывалях я езджу пераважна з дзюма мэтамі: выбраць фільмы для «Паўночнага ззяння» і знайсці новых партнёраў для фестывалю і маіх дакументальных праектаў. За фестывальны тыдзень Берлінале ў гэтым годзе у мяне было каля 100 сустрэч з замежнымі калегамі. Таму я паспела паглядзець толькі тры фільмы: людзей мне па эмейле не дашлюць, а спасылкі на фільмы – так. Таму выбар відавочны.
Асноўны інстынкт. «Першапачаткова Пол Верховен заяўляў, што карціна стане першай галівудскай мэйнстрымавай стужкай, дзе будзе паказаны мужчынскі палавы чэлес у стане эрэкцыі»
Я ўспрымаю вобраз Шэран Стоўн так: для Стоўн гэтая вопратка нічога не значыць, яна паказвае ўсім свае ногі (і не толькі), але ўспрымае гэта як гульню ці перфоманс, акторства. Калі чалавек не прымае сваё цела, ён можа не пагадзіцца на такую спадніцу. А калі чалавек нармальна ўспрымае сваё цела, ён можа апрануць што-заўгодна. Мне вельмі падабаецца гісторыя пра Мэрлін Манро і паэта Яўгенія Еўтушэнку. Па легендзе, калі яны сустрэліся, Манро распранулася перад ім і стала ці тое спяваць яму, ці тое чытаць вершы. Еўтушэнка абалдзеў. Але для Манро гэта не значыла нічога асаблівага, акрамя таго, што гэта быў проста жэст абсалютнага даверу і шчырасці перад паэтам, якога яна шануе.
Увогуле, гэта клёва зроблены фільм: драматургія, персанажы, страсці. А пра гэты знакаміты эпізод – можа, Шэран Стоўн проста зімправізавала, а рэжысёр вырашыў так і пакінуць – мы ж не ведаем. Першапачаткова Пол Верховен заяўляў, што карціна стане першай галівудскай мэйнстрымавай стужкай, дзе будзе паказаны мужчынскі палавы чэлес у стане эрэкцыі. Але гэтага так і не адбылося. Замест гэтага мы маем славуты эпізод з Шэран Стоўн. Мне здаецца, любы мастак хоча, каб ягоны фільм стаў культавым. Але стоадсоткагва прадказаць, ці спадабаецца твой фільм масаваму глядачу, немагчыма.
Замест вынiку. Я не ведаю, ці ёсць масавы глядач беларускага кіно
Пакуль што ў беларускім кіно так ці іначай арыентуюцца людзі, якія звязаныя альбо з культурай і мастацтвам у шырокім сэнсе, або з непасрэдна з кінавытворчасцю. Або антраполагі. Пакуль нам яшчэ працаваць і працаваць для таго, каб наш глядач хадзіў на беларускія фільмы ў кінатэатр. І, вядома, для гэтага таксама павінна існаваць адпаведная сістэма падтрымкі з боку Міністэрства культуры, кінапракату і прыватных кінатэатраў.
Напрыклад, свой фільм «Дарога» я наўрад ці змагу паказаць нават у рамках беларускага кiнафестывалю. Фільм зманціраваны з запісаў відэарэгістратараў і ўключае вялікую колькасць нецэнзурнай лексікі, якую проста не прапусціць наш Дзяржрэгістр.
Але гэта фільм вытворчасці Беларусі, які ідзе на кінафестывалях па ўсім свеце! Можа быць, мае сэнс падумаць пра нейкія палёгкі для такіх выпадкаў, зрабіць патрабаванні для паказу фільма ў рамках фестывалю (а не шырокага пракату) менш жорсткімі. Разумееце, для таго, каб беларускі прадзюсар знайшоў фінансаванне на свой праект за мяжой (славутае ко-прадзюсіравнне), патрэбная падтрымка ў сваёй краіне. І на самой справе, гэта могуць быць не такія ўжо і вялікія грошы. 3-10 тысяч еўра на рапрацоўку праекта ад Мінкульта – і беларускі прадзюсар ужо зможа пайсці шукаць партнэраў у Еўропе.
Калі шмат вандруеш і назіраеш, як функцыянуе сістэма кінавытворчасці і кінапракату па ўсім свеце, то ўсё лепшае хочацца прывезці дамоў і мгненна прымяніць. Вядома, гэта справа не аднаго дня. Але я прынамсі гатовая падзяліцца добрымі ідэямі, як зрабіць кінаіндустрыю ў Беларусі больш жыццяздольнай.