Наваколле. Самае глухое месца Беларусi

Проекты • редакция KYKY
«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.

Шукаючы «самыя-самыя» месцы Беларусі, мы заўжды забіраемся ў карчы, дзе на дарогах адчуваюць сябе ўпэўнена хіба што бульдозеры, а мабільная сувязь трымаецца на апошняй палцы. Дзякаваць Богу, ні Volkswagen Tiguan, ні МТС ніводнага разу не падвялі, і з кожнага падарожжа мы вярталіся з цікавай справаздачай. Але сёння мы вырашылі перасягнуць сябе і заехаць туды, куды заехаць нельга. Наш шлях з Кобрына ляжыць у Белавежскую пушчу. Там, у сэрцы рэліктавага лесу, мы спадзяемся знайсці самае глухое месца Беларусі.

Пад'езды да пушчы добра абжытыя. На мяжы магутнага лесу шмат вёсачак, а вось далей… Далей — закрытая тэрыторыя. Да вёскі Камянюкі, дзе знаходзіцца парадны ўваход у Белавежскую пушчу, пракладзеная зручная траса Р83. Але ўглыбіню запаведніка без адмысловага дазволу не трапіць. Менавіта туды, за сем платоў, і збіраецца забрацца каманда kyky.org.

Паехаць з Кобрына проста ў пушчу было б лагічным працягам нашага мінулага праекту 'Мая хата з краю'. Але лёгкіх шляхоў мы не шукаем. Тым больш, што ў ваколіцах горада ёсць што паглядзець. На поўдзень ад Кобрына, недалёка ад вёскі Ляхчыцы стаіць тысячагадовы курган — Княжая гара. Старадаўняя легенда кажа, што тут пахаваная княгіня Вольга.

Ці шмат вы ведаеце вёсак з уласным гербам? На ўездзе ў Ляхчыцы нас сустракае выява княгіні: залатая карона, залатыя валасы, залаты меч, які яна трымае вастрыём уніз. Мы, беларусы, мірныя людзі! Вольга, пахаваная пад Ляхчыцамі, — зусім не тая суворая валадарка, якая вераб'ямі і галубамі цкавала драўлянаў за забойства мужа. Найхутчэй, тут знайшла свой апошні прытулак Вольга Раманаўна, жонка валынскага князя Уладзіміра Васількавіча, якая княжыла ў Кобрыне ў канцы XIII стагоддзя.

Ад Ляхчыцаў да Княжай гары кіламетраў пяць. Курган схаваны ў лесе. Знайсці складана, але ў вёсцы кожны падкажа, як. Што праўда, частку дарогі больш бяспечна прайсці пешшу, асабліва калі напярэдадні пройдзе дождж. “Прыязджалі археолагі, нічога не адкапалі. І з металашукальнікамі прыязджалі таксама, — распавядае мясцовы трактарыст. — Старыя кажуць, калі тут былі татары, яны ўсё забралі з сабой'. Металашукальнік у гэтых месцах — рэч папулярная. Недалёка ад кургана хлопец водзіць над зямлёй нечым, падобным да трымера — шукае “капейкі'.

Спатканне з гісторыяй натхняе. Пасля яго мы вырашаем расслабіцца. Тым больш, што зусім недалёка ёсць цудоўнае возера, на якім адпачывае ўся Берасцейшчына. У выходны дзень на берагах Каташоў стаяць дзесяткі аўтамабіляў. Справа ў тутэйшых пясчаных пляжах — як на лепшых заморскіх курортах. Мы больш нідзе ў Беларусі такога не бачылі!


Жабінка і Камянец увойдуць у гісторыю “Наваколля' як невялічкія ўтульныя мястэчкі, у якіх немагчыма паесці інакш, які з 12:00 да 15:00. У рэстаранах гатуюць толькі “абедзеннае меню', якое часам падазрона супадае з асартыментам кулінарыі, якая месціцца на паверх ніжэй. Іншага заказу давядзецца чакаць “вельмі доўга' — прынамсі, так нам кажуць у камянецкім рэстаране “Белая вежа'. Што ж, задавольваемся “сапраўднай' Белай вежай — зусім не белай, як мы даведаліся летась, калі шукалі самых заходніх жыхароў Беларусі.

Ад Камянца да Камянюкаў блізу 20 км. Тут пачынаецца (і заканчваецца) частка Белавежскай пушчы, адкрытая для турыстаў: кавярні і крамы, дзе можна набыць славуты самагон “Пушчанка', гатэль, вальеры з зубрамі, пракат ровараў і экскурсійныя сцежкі. Гэта ўсё цікава, але сёння нам не сюды. “У савецкі час людзей высялялі з пушчы, бо яны быццам бы перашкаджалі запаведніку. Неяк вось так: паляваць было можна, а жыць — нельга. Часы змяніліся, сёння тут можна нават аграсядзібу пабудаваць, але тых старажылаў ужо не вернеш, — распавядае адзін з тутэйшых супрацоўнікаў, які папрасіў нас не называць яго імя. — Хутары Плянта і Ельніцкі бор дагэтуль стаяць пустыя, нікога там не засталося. Але ёсць адна вёска, а дакладней, таксама хутар, дзе жыве адна старая жанчына. Гэтае месца называецца Глыбокі кут…'

Глыбокі кут! Адразу, як мы пачулі гэтую назву, стала зразумела: вось яно, самае глухое месца Беларусі! Адзіную жыхарку хутара завуць Марыя Панько. Якраз сёння ёй спаўняецца 80 гадоў, таму наш візіт вельмі да месца! Але ці атрымаецца ў нас забрацца ў Глыбокі кут? Пушчу ад “не-пушчы' аддзяляюць рэчкі Лясная левая і Лясная правая, якія (о цуд!) недалёка ад Камянца зліваюцца ў раку з назвай Лясная. Праз Лясную левую на мапе толькі тры моста — Пашукі, Падбела, Чарнакі. На ўездах у Белавежскую пушчу праз навакольныя вёскі стаяць кантрольна-прапускныя пункты. Бліжэйшы такі КПП — якраз на шляху да Глыбокага кута, у Пашуках.

Нас праз яго ўсё роўна не пусцяць, таму на ўдачу едзем у Падбелу, да наступнага моста. Усё ідзе па плане, пакуль за вёскай мы не натрапляем на плот, што цягнецца некалькі кіламетраў уздоўж ракі. Гэта паляўнічы вальер. На іншым яго баку, на ўскрайку лесу, стаяць назіральныя вышкі… Такая самая карціна і ў Чарнаках. Нам застаецца адно: кінуць машыну побач з КПП у Пашуках і пайсці ў Глыбокі кут пешшу!


Ісці блізу пяці кіламетраў. На шляху раз-пораз трапляюцца платы са страшнымі папярэджаннямі. Але мы ж журналісты. Нашая праца — быць там, дзе знаходзіцца нельга! Пакуль бяды нішто не прадвяшчае: навокал цудоўны лес з цікаўнымі плямістымі аленямі.


Уваходзім у Падбельскія Агароднікі, якія тутэйшыя называюць “Царскім сялом'. Катэджы тут сапраўды царскія, але вельмі акуратныя. Адзін у нямецкім стылі, адзін у галандскім. Кажуць, раней тут жыў дырэктар Белавежскай пушчы. Але ў яго дом трапіла маланка, і ён перабраўся ў Камянюкі. У Падбельскіх Агародніках ёсць аграсядзіба, побач стаяць машыны з расійскімі нумарамі. Тут спыняюцца турысты, якія набылі ліцэнзію на паляванне.

Вёска заканчваецца чарговым плотам. Мы доўга ідзем уздоўж яго, і, нарэшце, трапляем у Глыбокі кут. Побач з хутарам сустракаем дачнікаў: за грыбамі яны ходзяць напрасткі праз двухметровую сценку, што аддзяляе пушчу ад цывілізацыі. “А вы ведаеце, што ў бабулі сёння Дзень нараджэння?' — перапытваюць яны. Ведаем! А Марыя Панько нібыта чакае нас: грэецца на сонейку на ганку сваёй хаткі. У нагах у бабулі вялікі пушысты кот.

Але ніводнага здымку мы зрабіць не паспяваем. Побач з самым хутарам нам шалёна не шанцуе: натрапляем на патруль! Нас бяруць пад белыя ручкі і вяртаюць на той самы КПП, з якога пачалася нашая пешая “экскурсія'. Што ж, не заўжды ўсё атрымліваецца так, як мы хочам… Але ў Глыбокім куце — самым глухім месцы Беларусі — мы ўсё ж адзначыліся. З Днём нараджэння, бабуля Марыя!

Фотаздымкi з архіва сям

Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Наваколле. Самае ветранае месца Беларусi

Проекты • редакция KYKY
«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.
Популярное