622 запісы пра ўстойлівыя любоўныя прыгоды
…Той ноччу яна скінула з сябе жалобу адным махам, без нудных пераходных перыядаў з блузкамі ў шэрую кветку, і жыццё падхапіла яе спевамі пра каханне ды пярэстай вопраткай з папугаямі ды матылькамі, і яна аддавалася ўсім, хто не ленаваўся папрасіць. Пасля шасцідзесяці трох дзён аблогі войска генерала Гайтана Абэса было разбітае, тады яна аднавіла зруйнаваны гарматным стрэлам дом і збудавала гожую тэрасу над берагавымі стромамі, каля якіх падчас шторму асабліва шалелі марскія хвалі. Гэта было яе любоўнае гняздо, так яна без дробкі іроніі называла тэрасу, дзе прымала толькі тых, хто быў ёй даспадобы, калі хацела і як хацела, ні ад каго не брала ані шэлегу, бо лічыла, што гэта мужчыны рабілі ёй ласку.
Назарэцкая ўдава заўжды прыходзіла на нячастыя сустрэчы з Флярэнтына Арысам, нават калі была дужа занятая, і не прэтэндавала на тое, каб кахаць альбо быць каханай, хоць штораз спадзявалася знайсці штосьці падобнае на каханне, але без праблем, якія спадарожнічалі каханню. Часам ён прыходзіў да яе дамоў, і ім падабалася сядзець разам на тэрасе, каб мора абдавала іх салёнай пенай, пакуль яны глядзелі на золак над светам каля далёкага гарызонту. Ён намагаўся навучыць яе тым штукам, якія назіраў праз замочныя шчыліны ў матроскім гатэлі, а таксама якіх даведаўся праз тэарэтычныя настаўленні Лятарыя Тугута.
Ён прывучыў яе не саромецца кахання, мяняць абрыдлую місіянерскую позу на позу марскога ровара, альбо куркі на верцяле, альбо чацвертаванага анёла, і яны ледзь не разбіліся ўшчэнт, калі лопнулі мацавальныя вяроўкі гамака, у якім яны спрабавалі прыдумаць штосьці новае.
Але гэтыя заняткі не прыносілі плёну. Яна была адважнай вучаніцай, аднак была цалкам пазбаўленая здольнасці накіроўваць свае эратычныя фантазіі ў неабходнае рэчышча. Яна так і не ўцяміла, як можна сур'ёзна ставіцца да сэксуальных практыкаванняў, не ведала натхнення, яе аргазмы былі заўчаснымі і кволымі: адным словам, вартая жалю валтузня. Флярэнтына Арыса вельмі доўга жыў у падмане, упэўнены, што ён у яе адзін, і ёй была прыемная гэтая вера, пакуль аднойчы яна не загаварыла ў сне. Паступова, прыслухоўваючыся да ейнага мармытання, ён збіраў па фрагментах навігацыйную мапу яе сноў, каб плаваць сярод мноства выспаў яе патаемнага жыцця. Тады ён дазнаўся, што яна і не мела намеру выйсці за яго замуж, але адчувала сябе звязанай з ім бязмернай удзячнасцю за тое, што ён яе разбэсціў. Часцяком яна паўтарала:
— Я люблю цябе, бо ты зрабіў з мяне курву.
Папраўдзе, яна не была далёкая ад праўды. Флярэнтына Арыса пазбавіў яе цнатлівасці бязрадаснага шлюбу, больш шкоднага, чым прыродная цнота альбо ўдовіна ўстрыманне. Ад яго яна засвоіла, што ў ложку няма чаго саромецца, калі гэта падсілкоўвае каханне. I яшчэ тое, што сталася сэнсам яе жыцця: ён пераканаў яе, што чалавеку лёсам наканавана вызначаная колькасць жыццёвай энергіі, а не ажыццёўленая з уласнай ці чужой віны любоў губляецца назаўсёды. Ейная заслуга палягала ў тым, што яна зразумела яго літаральна. Флярэнтына Арыса думаў, што ведае яе лепш за ўсіх, і таму не мог уцяміць, скуль такі вялікі попыт на жанчыну з інфантыльным норавам, якая, да таго ж, у ложку няспынала жалілася, як яна гаруе па мужу-нябожчыку.
Ён знайшоў толькі адно тлумачэнне, якога ніхто не здолеў аспрэчыць: Назарэцкая ўдава назапасіла зашмат пяшчоты, што кампенсавала брак баявога запалу.
Яны сталі сустракацца ўсё радзей з цягам таго, як яна пашырала кола палюбоўнікаў, а ён выведваў сваё, прагнучы пазбавіцца пакутаў у іншых разбітых сэрцах, і, нарэшце, яны забылі адно аднаго без болю.
Гэта была першая фізічная любоў Флярэнтына Арысы. Аднак замест таго, каб імкнуцца да трывалае сувязі, як марыла маці, абое скарысталіся момантам інакш: адштурхнуліся і нырнулі ў жыццё. Флярэнтына Арыса стварыў метады, якія здаваліся неверагоднымі для такога чалавека, як ён, замкнёнага ды хударлявага, ды, апрача таго, апранутага, як старасвецкі дзед. Але ён карыстаўся дзвюма перавагамі. Адна з іх — трапнае вока: ён адразу распазнаваў жанчыну, якая чакала яго, няхай сабе ў натоўпе, ён не зважаў на гэта, заляцаючыся да яе з асцярогай, бо ведаў, нішто не спрычыняе большага сораму і знявагі, чым адмова. Другой перавагай было тое, што распазнаныя трапным вокам жанчыны імгненна вызначалі яго як самотнага чалавека, якому бракуе любові, як вулічнага шукальніка кахання, які мог любіць іх бязмежна, з пакораю бітага сабакі, што нічога не прасіў, жанчыны нічога не чакалі ад яго і былі задаволеныя тым, што зрабілі яму прыемную ласку. Ён быў узброены толькі гэтым, з гэтай зброяй ён і ўступаў у гістарычныя баталіі, захоўваючы абсалютную таямніцу праз скрупулёзную шыфраваную рэгістрацыю ў сшытку, які адрозніваўся ад іншых сваім красамоўным назовам: «Яны». Першы запіс ён зрабіў пасля сустрэчы з Назарэцкай удавой. Цераз пяцьдзясят гадоў, калі Фэрміна Даса вызвалілася ад святых шлюбных абавязкаў, у яго назапасілася дваццаць пяць сшыткаў, якія ўтрымлівалі шэсцьсот дваццаць два запісы пра ўстойлівыя любоўныя прыгоды, і гэта без заліку мноства імгненных эпізодаў, якія не заслужылі і кароткага спагадлівага запісу.
Пасля шасці месяцаў неўтаймоўнай любові да Назарэцкай удавы сам Флярэнтына Арыса прыйшоў да высновы, што ён дасягнуў мэты — пазбыўся разбуральнае тугі па Фэрміне Дасе…
Пераклаў з іспанскай Карлас Шэрман. Падтрымаць краудфандынгавую кампанію і набыць кнігу можна тут.