– Слухай, што тут такое робіцца? – пытаецца Макмэрфі ў Гардынга.
– Там? А, праўда... Вам пакуль што не пашэнціла. Шкада. Кожнаму чалавеку неабходны такі досьвед, – Гардынг пераплятае пальцы на патыліцы і адкідваецца назад, пазіраючы на дзьверы. – Гэта Шок-Блок, пра які я вам некалі расказваў, дружа, ЭШТ, электрашокавая тэрапія. Гэтых шчасьліўчыкаў там адпраўляюць у бясплатнае касьмічнае падарожжа. Не, калі крыху падумаць, дык яно не зусім бясплатнае. Вы плаціце за паслугу мазгавымі клеткамі замест грошай, а ў кожнага на рахунку цэлыя мільярды мазгавых клетак. Не бяда, калі крыху згубіце.
Гардынг хмурыцца, паглядаючы на самотнага пацыента на лаўцы:
– Выглядае, што сёньня ня вельмі шматлікая кліентура, ня тое, што ў мінулыя часы. Але што паробіш, сэ ля ві, мода прыходзіць і сыходзіць. Баюся, што мы назіраем заняпад ЭШТ. Нашая дарагая галоўная мэдсястра – адна з апошніх дастаткова сьмелых, каб падтрымаць гэтую слаўную фолкнэраўскую традыцыю ў лячэньні ворагаў псыхічнага здароўя: выпальваньне мозгу.
Дзьверы адчыняюцца. Адтуль з гудзеньнем выяжджае каталка, ніхто яе не штурхае, яна заварочвае на двух колах і зьнікае ў калідоры, вывяргаючы дым. Макмэрфі глядзіць, як яны заводзяць усярэдзіну апошняга пацыента і зачыняюць дзьверы.
– Яны што, – Макмэрфі сэкунду прыслухоўваецца, – бяруць туды нейкага байца і запускаюць яму праз чэрап ток?
– Так, калі сьцісла сфармуляваць.
– А на якую халеру?
– Як, для карысьці пацыента, вядома ж. Тут усё робіцца для карысьці пацыента. У вас можа часам ствараецца ўражаньне, бо вы ж пабылі толькі ў нашым аддзяленьні, нібы гэты шпіталь – агромністы мэханізм, які мог бы даволі добра дзейнічаць, калі б яшчэ пацыенты не заміналі, але ж гэта не зусім так. ЭШТ не заўсёды выкарыстоўваюць з мэтай пакараньня, як гэта робіць нашая мэдсястра. Гэта таксама ня чысты садызм з боку пэрсаналу. Некаторым так званым невылечным вярнулі кантакт са сьветам з дапамогай шоку, гэтаксама як некаторым дапамагла лябатамія ці лейкатамія. Лячэньне шокам мае шэраг перавагаў: яно таннае, хуткае, абсалютна бяз болю. Яно проста выклікае прыпадак.
– Што за жыцьцё, – стогне Сэфэлт. – Камусьці даюць пігулкі, каб спыніць прыпадак, а астатнім шок, каб яго выклікаць.
Гардынг нахіляецца наперад, каб патлумачыць для Макмэрфі:
– Вось як гэта пачалося: двое псыхіятраў наведвалі бойню, Бог ведае зь якім вычварнымі мэтамі, і назіралі, як быдла забіваюць ударам молата паміж вачэй. Яны заўважылі, што ня ўсё жывёліны паміраюць: некаторыя падалі на зямлю ў стане, які моцна нагадваў эпілептычныя канвульсіі. «А, зо, я-я, – кажа першы доктар. – Фантасьцішь, тое шьто трэба нашім, паціэнтам – шьтучьны прыпадак!». Яго калега, натуральна ж, пагадзіўся. Было вядома, што чалавек пасьля эпілептычных канвульсіяў нейкі час больш спакойны і міралюбны, і што звышагрэсіўныя пацыенты, зь якімі раней не атрымоўвалася кантакту, былі здольныя пасьля прыпадку на рацыянальную дыскусію. Ніхто ня ведаў чаму, і дагэтуль ня ведаюць. Але было відавочна, што калі справакаваць прыпадак у неэпілептыкаў, гэта можа даць цудоўны вынік. А тут перад імі стаяў чалавек, які рэгулярна выклікаў прыпадкі зь вялікім аплёмбам.
Скэнлан пытаецца, пры чым тут «вялікія пломбы», бо дзядзька ж быў скуралуп з молатам, а не зубны доктар з бормашынай, але Гардынг кажа, што такія заўвагі будзе цалкам ігнараваць, і працягвае тлумачыць.
– Так, там выкарыстоўвалі менавіта молат. І якраз на гэты конт калега меў засьцярогі. Урэшце, чалавек жа не карова. А што калі малаток сьлізгане і зломіць нос? Ці нават ўсе зубы павыбівае? Як яны будуць выкручвацца, бо паслугі дантыста надта ж дарагія? Калі ўжо лупіць чалавека па галаве, трэба нешта больш надзейнае і акуратнае, чым малаток, таму яны ўрэшце вырашылі карыстацца электрычнасьцю.
– Божачкі, а яны не падумалі, што ад гэтага будзе шкода здароўю? Няўжо не было грамадзкіх пратэстаў, тут жа ж мусіў сапраўдны вэрхал падняцца?
– Здаецца, вы не зусім разумееце, як пабудавана нашае грамадзтва, мой дружа; у гэтай краіне калі нешта сапсавалася, дык найхтучэйшы спосаб гэта паправіць лічаць самым лепшым.
Макмэрфі ківае:
– Ух ты! Токам у галаву. Дзядзька, гэта ж як электрычнае крэсла за забойства.
– Прычыны гэтых дзьвюх зьяваў значна больш зьвязаныя міжсобку, чым вы думаеце: і там, і там – лячэньне.
– І ты кажаш, гэта не баліць?
– Я асабіста гарантую. Цалкам бяз болю. Бліск – і ты адразу ж без прытомнасьці. Ніякага газу, ніякіх шпрыцаў ці малаткоў. Абсалютна бяз болю. Але рэч у тым, што ніхто ня хоча другога разу. Вы... мяняецеся. Забываеце нейкія рэчы. Гэта як... – ён прыціскае далоні да скроняў і заплюшчвае вочы – ...нібыта разрад запускае карнавальнае кола вобразаў, эмоцый, успамінаў. Вы ж бачылі такія колы: зазывала бярэ вашыя грошы і націскае кнопку. Жых! Сьвятло, гук, лічбы круцяцца і круцяцца віхурай, і можа ў выніку вы выйграеце, а можа прайграеце, і трэба будзе зноў гуляць. Заплаці дзядзечку за яшчэ адзін пуск, сынку, заплаці, заплаці...
– Спакойней, Гардынг.
Дзьверы адчыняюцца, вывозяць хлопца на каталцы пад прасьцірадлам, а тэхнікі ідуць піць каву. Макмэрфі лахмаціць валасы:
– Нешта ў мяне ўсё гэта ў галаве не ўкладаецца.
– Што гэта? Шокавае лячэньне?
– Ага. Не, ня толькі гэта. Усё тут... – Ён паказвае рукой навокал. – Усё, што тут адбываецца.
Гардынг дакранаецца яму да калена:
– Супакойце свой устурбаваны розум, дружа. Хутчэй за ўсё, вам ня варта пераймацца наконт ЭШТ. Гэта цяпер ня ў модзе і, як лябатамія, выкарыстоўваецца толькі ў выключных выпадках, дзе нішто іншае не дапамагае.
– А лябатамія – гэта калі табе адразаюць кавалак мазгоў?
– Зноў маеце рацыю. Вы ўжо робіцеся вельмі дасьведчаным у прафэсійнай тэрміналёгіі. Так, адразаюць кавалак мозгу. Кастрацыя франтальнай долі. Відаць, калі яна ўжо ня можа адрэзаць паміж ног, дык адрэжа над вачыма.
– Ты пра Брыдэр, так?
– Менавіта.
– Ня думаў, што мэдсястра ў такіх пытаньнях нешта вырашае.
– Яшчэ як.
Замовіць кнігу можна тут.