1 верасня, сёння дзень Незалежнасці Узбекістану. Я пішу гэты тэкст у Варшаве, распрануўшыся амаль цалкам. Апроч сямейных труханоў на мне яшчэ фенька і завушніцы. Вакно адчыненае, тэмпература на вуліцы ўдзень была плюс 35, зараз, можа быць, плюс 28. Калі вы з фінскай саўны, прапарыўшыся, прапацеўшы і пераматаўшыся новым ручніком, выходзілі адразу ў турэцкую лазню, то вы разумееце, ЯК я сябе адчуваю. Гэтым летам ува Узбекістане было плюс 70. Па Цэльсію. Мясцовыя гавораць, што ім было загорача.
Мясцовыя наагул гавораць шмат. Калі вы будзеце праходзіць кантроль на чэк-поінтах унутры краіны, таксіст за вас прыдумае легенду: «хто вы», «што вы», «адкуль вы» і «навошта вы». Бо таксіст ведае, як прасцей, каб было паменш пытанняў. Бо неўзабаве Дзень незалежнасці.
Дзень першы. Напіцца вады з Аралу: $100 і дыск Грыгорыя Дабро
Апошнія два дні я ратуюся ад спёкі ў метро разам з кнігай паракулінарных шэдэўраў ад Дароты Маслоўскай. Я імі так натхніўся, што гэты тэкст будзе з яе адбіткам на палях. З гэткімі тлустымі плямамі, што бы гэта ні азначала. Не ведаю, ці была яна ўва Узбекістане, думаю што калі і была, то наўрад ці даехала да Аральскага мора, таму можна лічыць гэта такім сабе аддонам. Трымайце.
Каб выпіць вады з Арала вам спатрэбяцца:
кампанія 4-6 чалавек
джып
кіроўца, які будзе ведаць дарогу ў бок Аралу (гэты пункт можна выкрэсліць, калі вы ўмееце арыентавацца на мясцовасці па буравых вышках)
100 долараў ЗША (за меншыя грошы ніхто з вамі не будзе нават размаўляць пра Арал-сі)
гарэлка (АБАВЯЗКОВА)
2-4 вольныя дні
уласна сам Арал (спадзяюся, ён яшчэ не высах)
У якасці дадатковай, але неабавязковай опцыі можна зрабіць сабе прышчэпку ад разраджанага ў паветры шансону. Для гэтага трэба або набіць сабе залатыя купалы (можна хной), або ўзяць з сабой дыск Грыгорыя Дабро, каб мучыцца пад сваё.
Муйнак. Мы сядзім пасярод былога рыбацкага паселішча, у якім не засталося ані мора, ані нават караблёў, якія раней, як прывіды, стаялі пасярод пустэльні. Пару гадоў таму, перад прыездам Пан Гі Муна (8-ы Генеральны сакратар ААН з 1 студзеня 2007 года. Змяніў на гэтай пасадзе Кофі Анана – заўв. KYKY), нейкую драбязу з іржавых малых катэраў пазбіралі і паставілі на адным з выездаў з Муйнаку. Рэшту караблёў папілавалі і здалі на метал, каб правесці ў паселішча газ. У паселішча, якое стаіць на радовішчы ў 100 мільярдаў кубаметраў газу.
Агульная атмасфера – безнадзейны сухі пыл і добраўпарадкаваная разруха. Праз некалькі кілішкаў атмасфера можа змяніцца на велічныя ўспаміны. Прынцыпова гэта змяняе адно гучнасць размоваў.
Мясцовых жыхароў нават немагчыма параўнаць з жабракамі якога-небудзь Мумбаю. Бо там прынамсі бачна, КІМ ты можаш стаць, калі паглядзіш «Мільянера з трушчобаў». Тут жа толькі старыя савецкія баракі, пустэльня, адна дарога да цывілізацыі і ўспаміны.
Аляксеіч, лётчык у адстаўцы, этнічны рускі, але спакойна размаўляе па-каракалпакску. У савецкі час дазваляў сабе каньяк «Напалеон», адная бутэлька якога каштавала як нармальны заробак сярэднестатыстычнага будаўніка камунізму. На пачатку 90-х меў на рахунку 300 тысяч рублёў. Пасля пачатку 90-х не карыстаецца банкаўскімі паслугамі.
Мы п'ем мясцовы каньяк «Зорка Самарканду» («Напалеон» на поўнач Узбекістану ўжо не завозяць). Аляксеіч налівае хутка, тосты прамаўляе кароткія, спяшаецца дадому: дзе не быў апошнія два дні, бо вазіў на Арал італійскіх турыстаў. Італійцы нечакана кінулі: прапанавалі заплаціць банкаўскім пераводам па вяртанні ў Вэрону. Што сказаць, паходу, мафія памылак не даруе нават на ўскрайку цывілізацыі. Пасля чацвёртай, здаецца, яго адпускае, ён адкаркоўвае яшчэ адну, і мы пераходзім з каньяку на гарэлку.
«У свой час у Муйнаку рабілі кансервы з чарапах і на бляшанках пісалі «горная курыца».
Вы ведаеце, як гатуюць чарапах? Іх кідаюць у кіпень, і яны пачынаюць крычаць, быццам бы варацца малыя дзеці. Трэба мець моцныя нервы, каб зварыць чарапаху і яшчэ пасля з'есці з яе суп. У свой час у Муйнаку рабілі кансервы з чарапах і на бляшанках пісалі «горная курыца». У свой час тут было маскоўскае забеспячэнне, кажа Аляксеіч. Цяпер ад нас патрэбны толькі газ, а мы не патрэбныя нікому. Пасля чацвёртай ён тлумачыць, чаму мясцовыя запісваліся ў ІДІЛ яшчэ на пачатку 90-х. Зрэшты, тут ніхто не адрознівае Хізб-ут-Тахрыр ад Ісламскай дзяржавы. Пасля шостай мы ўжо таксама не разумеем розніцы, але можна выйсці на вуліцу і там усё стане ясна.
Недзе адзінаццатая вечара, на вуліцы брэшуць сабакі. Амірбай, этнічны ўзбек, пытае ў суседа, ці гэта яго сабакі і ці можна іх атруціць, бо яны перашкаджаюць яму спаць. Атручвай, кажа сусед, яны мне самому надакучылі. Сабакі брэшуць далей. Каб яны атруціліся, трэба 1) каб пра гэта Амірбаю загадала міліцыя (прычым некалькі разоў); 2) каб у паселішчы з'явіліся карэйцы, якія з'елі б сабак; 3) або каб з мясцовага падполля выйшлі шалёныя ісламісты, якія застрэлілі б сабак атручанымі кулямі. Я пра тое, што дзеянні тут застываюць у паветры. Падобна, што варушацца тут толькі дзве рэчы: пясок і Арал. Першы наступае, другі адступае. І пакідае за сабою белыя разводы па былым дне.
Так п'ём ваду з Арала ці не?
Калі вы яшчэ не перадумалі піць ваду з Аралу, падрыхтуйце сабе колькі літраў чыстай пітной вады, каб забіць паслясмачча. Канцэнтрацыя солі ў Арале, калі я там быў, складала 16 адсоткаў.
І я падазраю, што зараз яна ўжо наблізілася да 19-ці або нават 91-го адсотка. З іншага боку, вось так проста, з налёту, розніцу ў адсотках адчуць, бадай, немагчыма. Ну, можа быць, і магчыма, але для гэтага трэба будзе выпіць некалькі літраў разведзенай солі. І калі пасля гэтага вы застанецеся жывыя, можаце паслухаць расповед пра тое, што ў савецкія часы на выспе, якая была пасярод Аралу, на людзях, якія там жылі, выпрабоўвалі хімічную зброю. Там трымалі асуджаных, напэўна, палітычных, і хто яго ведае, колькі іх трупаў у салёнай вадзе Арала пераўтварыліся ў пясок. А цяпер да тае выспы, якая калісьці была пасярэдзіне мора, можна дайсці па вадзе пешкі. Як Хрыстос, выціраючы з вуснаў соль.
Ну што, хочаце яшчэ гэтай мёртвай вады?
Дзень адзінаццаты. Балаза па-бухарску ды віншаванне маладых на вяселлі
Пасля мёртвай вады з Аралу трэба абавязкова выпіць жывой. Тут два варыянты. Або напрасіцца ў госці да кагосьці з мясцовых, пасябраваць (для гэтага дастаткова сказаць «Салям алейкум», прыкласці правую руку да сэрца і два разы дакрануцца скронямі, ці прасцей – ілбом да скроняў, ці прасцей – да ілба будучага сябра) і чакаць запрашэння на вяселле. Або ехаць у Бухару і шукаць рэстаран у трох кроках ад мінарэту Kalon, які будзе месціцца ў былым мэдрэсэ насупраць мячэту з маленькім мінарэтам (рыхтык копіяй мінарэту Kalon). Паміж былым мінарэтам і былым мячэтам будзе басейн, прыкладна метраў пятнаццаць углыб. На пошукі пойдзе не шмат часу, максімум дні тры. З улікам таго, што раней у Бухары было 364 ці 365 мячэтаў, па 1 на кожны дзень года, вам трэба будзе агледзець месцы былых і дзейных мячэтаў (прыкладна па сотні на дзень). Не складана, бо большасці з іх не засталося.
Балаза па-бухарску:
Бухара
4 кавы
1 марозіва
3 бутэлькі белага паўсалодкага віна і 3 бутэлькі белага сухога віна
шашлык з ялавічыны
шашлык з бараніны
яшчэ 2 кавы
абавязкова ў гэтым жа месцы варта замовіць сабе сняданак, а на сняданак лепей за ўсё папрасіць шэф-кухара прыгатаваць сабе балазу па-бухарску
Есці балазу па-бухарску варта ў адмысловым настроі. У такім, калі часопіс «Сэнс у працы» моцна прыбіваецца на цвік паміж стульчаком і дзвярыма ў прыбіральні. Але перад гэтым варта пашукаць сабе яшчэ месца, куды ўначы можна будзе зайсці папаліць кальян разам з дзевачкамі. Час прызначыць лепей загадзя, бо інакш дзевачак давядзецца чакаць не менш за гадзіну, а ўлічваючы колькасць жывой вады, можна не зразумець, ці ўсё, што адбываецца навокал, яшчэ сон ці ўжо сон.
І не здзіўляйцеся, калі паміж апошнімі кавамі ў нейкі момант убачыце сябе на вяселлі. Да вяселля ўва Узбекістане варта быць падрыхтаваным увесь час. То бок варта мець сподні і адносна чыстую кашулю. Вяселлі тут граюць цягам усяго тыдня, і каб на вока вызначаць, хто на вуліцы сёння будзе жаніцца або выходзіць замуж, варта папросту запытацца, хто апошні замаўляў сабе партыю швайцарскіх гадзіннікаў у колькасці ад 300 да 600 штук, каб на вяселлі замест пластыкавых бранзалетаў зашпільваць іх гасцям. Наагул рэцэпт узбецкага вяселля вельмі просты:
ашчаджэнні бацькоў за апошнія дзесяць гадоў
грошы дзядзі з Масквы за апошнія тры гады
маладая і малады
госці (у колькасці ад 300 да 600 чалавек)
уласна гэта ўсё
Ну і апошняе пра вяселле. Калі вы не хочаце падымацца на сцэну, прамаўляць тосты і зычыць здароў'я і шчасця людзям, якіх бачыце ўпершыню перад сабою, варта мець побач кагосьці старэйшага ўзростам, кагосьці, на каго можна перакласці гэты выпадковы гонар. Але, натуральна, гэта не можа быць жанчына. Найлепшае на што ЯНА можа ТУТ разлічваць – пытанне з боку новага знаёмага: гэта твая рэч? Натуральна, пытанне будзе адрасаванае не да жанчыны. І нават не зразумела, навошта ў такіх варунках наагул вяселле. Але, з іншага боку, вуліца мусіць жа недзе гуляць.
Піць давядзецца шмат. Прамаўляць зычэнні давядзецца шмат. Нікога не пакрыўдзіць усё адно не атрымаецца. Таму калі ваш новы сябар, з якім вы ўчора толькі пасябравалі, прамовіўшы «Салям алейкум», дакрануўшыся рукой да сэрца і да ілба, пасярод ночы падняў вас з падлогі, дзе вы ўжо амаль спалі на распісаным дыванку, і цягне на вяселле знаёмца свайго брата, якога ён аднойчы бачыў гады тры таму, можаце распавесці яму пра Арал і папрасіць на наступную раніцу адвесці вас у Бухару. Бо пасля вяселля вы будзеце мець падвойную патрэбу ў жывой вадзе. І лепей не зацягваць з ад'ездам, бо аўтобусы могуць адмяніць, а дарогі могуць перакрыць. Бо неўзабаве Дзень незалежнасці.
Дзень перадапошні. Падрыхтоўка да свята паміж цыганамі і габрэямі
2 верасня. Ува Узбекістане прайшоў Дзень незалежнасці. Па радыё перадалі, што з новага навучальнага года ТАМ забаранілі студэнтам вывучаць паліталогію. Замест заняткаў па паліталогіі ўзбекаў абавязалі збіраць бавоўну. Белае золата, як там кажуць. У нас «Белае золата» – гэта гатунак піва ад «Аліварыі». Нам усё-ткі яшчэ далекавата да Узбекістану, хаця мы і рушым у тым самым кірунку.
Я дапісваю гэты тэст, седзячы ў габрэйскім квартале ў Варшаве на пляцы Гжыбоўскім. Гэта адно з маіх самых улюбёных месцаў у гэтым горадзе. Я даўно заўважыў, што габрэйскія кварталы здольныя захаваць у сабе нешта нават пасля зруйнаванняў, вайны і камунізму.
Ува Узбекістане амаль не засталося габрэяў. У габрэйскіх кварталах цяпер жывуць узбекі і цыгане. Цыгане прадаюць гераін замежнікам па 4 долара за чэк, але ў прынцыпе грам можна папросту пазычыць. Падмануць цыгана ўсё адно не атрымаецца. На просьбу паказаць сінагогу тут адразу спытаюць, ці вы габрэй. Можна адказаць «не», але вам усё адно ніхто не паверыць. Шукаць сінагогу пасярод пустэльняў могуць толькі тыя, хто прайшоў па дну мёртвага мора і выпіў жывой вады разам з новымі братамі.
«Вы ведаеце, што ўва Узбекістане аўтобус можа спыніцца, і міліцыянты прымусяць усіх збіраць бавоўну?»
Глыток нечага халоднага і працяглага, як пералёт з Ташкенту ў Варшаву.
Я гляджу на сваю вопратку, якая ўся зробленая з бавоўны, і думаю, што можа варта перагледзець сваё стаўленне да вытворчасці Магілёўхімвалакна. Урэшце, яна можа і не больш экалагічная, але нашмат менш прыніжальная. Бо, калі ўжо вядзецца пра экалогію, бавоўна таксама не айс, спытайце ў жыхароў Муйнаку, якія праз яе засталіся без мора (ну хіба адно з марамі пра яго вяртанне).
Я гляджу перад сабою і бачу маладую дзяўчыну, ёй 25-27 гадоў, у яе дакладна яшчэ няма дзяцей, і ейнае тату на левым плячы, на якім намаляваны лось, што стаіць на дзвюх нагах і трымае ў руках кнігу, хутчэй, сведчыць не пра такога як я, але пра яе колішняе падарожжа ў Стакгольм.
Пытаюся, як яе завуць. Адказвае: Ліза. Пытаюся: Вы ведаеце, што ўва Узбекістане можа ехаць аўтобус з кропкі А ў кропку Б і пасярэдзіне, ці на самым пачатку, ці ўжо амаль-амаль-амаль напрыканцы шляху аўтобус можа спыніцца, і міліцыянты, якія спынілі аўтобус, прымусяць усіх збіраць бавоўну. І пакуль кожны не збярэ сваю норму, напрыклад, дзесяць кілаграмаў, аўтобус не паедзе. Мне пра гэта распавядала Харыза, якая ў студэнцкія гады мела свой уласны рэкорд у трыццаць кілаграмаў белага золата. Але ёсць тыя, хто можа збіраць па сто кілаграмаў ваты штодня, цягам двох месяцаў. Ліза смяецца: яна думае, я жартую.
Фішка ў тым, кажу я, што прапанова сабраць за кагосьці не праканае. Кожны мусіць вырабіць сваю норму сам. І пакуль ён гэтага не зробіць, аўтобус не паедзе. Яна ўсё яшчэ думае, што я жартую.
А я думаю, што Ліза дала бы рады. У яе моцныя рукі, і постаццю яна нагадвае Меліту Станюту. Але яе давялося б доўга пераконваць у тым, што ўсё гэта зусім не сон пасярод пустэльні напярэдадні яшчэ аднаго дзяржаўнага свята.
***
Цягам усяго трыпу я чую, што краіна рыхтуецца да Дня незалежнасці. Цягам усяго трыпу я не сустракаю аніводнага чалавека, які быў бы незадаволены палітыкай Карымава. Цягам усяго трыпу я бачу ўзброеных людзей, якія спраўджваюць дакументы і шукаюць забароненую літаратуру. На адным з пастоў у мяне правяраюць заплечнік, знаходзяць Грабала «Я абслугоўваў ангельскага караля». Пакуль я думаю, як прасцей патлумачыць, пра што гэтая кніга, мне махаюць рукой: давай праходзь! Праходжу.
Гэтая краіна – як эратычны сон, у які хочацца вярнуцца, толькі-толькі расплюшчыўшы вочы, калі мозг яшчэ блытае словы «арганізм» і «аргазм» і ты да канца не разумееш, што табе трэба: жанчыну, папросту пасцаць ці яшчэ паляжаць пяць хвілінаў, пакуль нехта там, адмежаваўшыся аўтаматамі, нешта там адсвяткуе. Гэта цудоўная краіна з застыглым часам. Тут можна сустрэць дванаццацігадовага хлопца, які будзе ехаць на ровары і слухаць з тэлефона «Миллион алых роз». Нам таксама шанцуе: у нейкі момант замест шансону ў вушы трапляе мільён пацалункаў.
When you give me kiss, kiss
You give me kiss, kiss
I'll give you my lips
На адваротным шляху з Самарканду ў Ташкент, калі машына спыняецца чацвёрты раз за 100 кіламетраў на блок-посце, лаўлю сябе на думцы, што гэты кантроль ужо папросту зая*аў. Гэта яшчэ не ўсё. У аэрапорце чакае асабісты дагляд, я ўжо не здзіўляюся, калі ў мяне прамацваюць нават швы на споднях. Пяць, дзесяць хвілін. Яшчэ пару кантрольных пытанняў. Апошні раз трэба зняць боты, паказаць пашпарт.
Цяпер усё. Я стаміўся ад гэтай краіны, яна выпаліла з мяне сокі, абклала ватаю і заліла цукровым сіропам.
«Вас цікавяць псіхатропныя рэчы?» – запытвае памежнік, гартаючы мой пашпарт, нібыта разам з адбіткамі там запісана, што мае сябры ведаюць розніцу паміж баклафенам і феназіпанам. Я адказваю, што мяне ўжо не цікавіць нават сэкс, не тое што наркотыкі. У мяне з сабою толькі шафран і сухія памідоры. Тады запрашаем ува Узбекістан яшчэ раз, кажа тоўсты тлусты ўзбек і вяртае мне пашпарт.
Абавязкова. Толькі калі Узбекістан стане аўтаноміяй Кітаю або часткаю Ісламскай дзяржавы, гэта будзе ўжо не так зручна. Я не гавару гэта ўслых. Усё ж такі неўзабаве свята.