У «Героях» гучыць вечаровы фанк. Мы з Русяй пацягваем свае кактэйлі ля ўтульнай стойкі. За стойкай завіхаецца бармен, і ў моманты нашых самых гарачых абмеркаванняў у яго раз за разам штосьці падае з рук і грыміць па падлозе. Вакол Русі круціцца Паша Чаплін са сваім фотаапаратам. Хемінгуэй паглядае на яго са сцяны са спачуваннем: Пашы, як і Хэму, кактэйль не прынеслі.
«Я цябе яшчэ не ўвагнала ў транс сваім голасам?» – мімаходзь пытае Руся з усмешкай, і тым самым вырывае мяне з паўтрансу.
«Людзі, якія ўвогуле не цікавяцца культурай, пазбаўляюць сябе класных рэчаў»
KYKY: Вы выступалі на беларускай канферэнцыі TEDx, былі першым беларускамоўным лектарам TED.
Руся: Так, не хочацца проста песні спяваць, дома седзячы. Цікава паглыбіцца ў гэта пытанне, наколькі дазваляе досвед і адукацыя, і распавесці нешта цікавае і карыснае астатнім. Канешне, гэта патрэбна не кожнаму, але людзі, якія ўвогуле не цікавяцца культурай, пазбаўляюць сябе класных рэчаў. Некаторыя пытаюць: «А чым ты займаешся?» – і калі я адказваю, што вывучаю абрадавыя паганскія спевы, толькі ўсміхаюцца: «А, ну ясно, жизнь не удалась» (смяецца).
KYKY: А можна для нашых чытачоў у некалькіх тэзісах сфармуляваць – чаму архаічная культура нам патрэбна?
Руся: Калі каротка, усе культуры свету можна ўявіць у выглядзе аднаго радавога дрэва, якое пусціла карані. Карані – гэта нашы культурныя коды. Мы нарадзіліся ў Беларусі, і рухацца да сваіх культурных кодаў мы можам толькі праз той тунэль, які складае наша мова. Мы ж не можам пра свае традыцыі чытаць па-іспанску ці па-партугальску! Валоданне сваёй мовай – дадатковы ключ, код для пазнання сваёй культуры. А калі ты паглыбляешся ў карані, пачынаеш цяміць, што да чаго, то ты далучаешся такім чынам да базы ўсіх культур свету. Базісна яны ўсе аднолькавыя, карані адны і тыя ж. Калі ты разумееш на ўзроўні базіса сваё, то набліжаешся і да разумення ўсяго чалавецтва.
Канешне, гэта гучыць як прыгожы разгон, але ж гэта сапраўды так! Многія людзі са скепсісам ставяцца: «Ой, сялянскія спевы… Якія яшчэ тут культурныя коды? Фіг разбярэш…» І пры гэтым усё роўна шмат хто рэагуе на нашы спевы бескантрольна, проста на ўзроўні цела, на ўзроўні яркіх эмоцый. Быў выпадак, калі на нейкім канцэрце я прамаўляла тэкст пра культурныя коды, генетычную памяць. Падышоў нейкі хлопец, запытаў: «А что вы там говорили о фотогеничной памяти?» Я яму распавяла ўсё яшчэ раз – і ён узрадаваўся: «О, клёвая тема, пойду своим чувакам расскажу!»
«Людзі, якія ўпершыню чуюць архаічныя спевы – афігеваюць»
KYKY: Прыцягнуць людзей да сваёй культуры, пра якую яны мала ведаюць – таксама мэта Shuma?
Руся: Так, бо каранёвая культура – вельмі багатая крыніца. З ёй можна стварыць нешта сапраўды ўнікальнае, свой асабісты творчы твар. Навошта брытанцам купляць другога Джэймса Блэйка, які сядзіць у Мінску? А вось чаму Port Mone так сур'ёзна вылучаюцца з шэрагу іншых гуртоў? Таму што ў іх ёсць каранёвы базіс, і гэта адчувальна.
KYKY: А як змагацца са стэрэатыпамі адносна архаічнай культуры? Многія ж думаюць, што гэта занудна і «бабкі ў вёсцы».
Руся: Ды хто як можа, так і змагаецца, насамрэч. Трэба проста ставіцца да ўсяго без істэрычнай рэўнасці, якая бывае з боку навукоўцаў. Ім складана ўспрымаць папулярызатарскія праекты, яны часам не хочуць кансультаваць папулярныя ініцыятывы. Так, гэтыя ініцыятывы спрошчваюць традыцыйную культуру, але працягваюць яе жыццё. Яна ж класная, прыгожая! Яна гэтага заслугоўвае.
KYKY: А што рабіць з дзяржаўным «скарыстаннем» народнай музыкі?
Руся: Ты маеш на ўвазе ўсялякія фестывалі, дзе смажаць шашлыкі і «Цячэ вада ў ярок»? Гэта поп-культура, што з ёй рабіць. Вось палякі, напрыклад, любяць дыска-пола, такая ў іх культура – а ў нас такая. Невядома, ці змаглі б людзі хутка ўехаць у эстэтыку «Троіцы» ці Port Mone – да гэтага трэба рыхтавацца. Тое ж самае і з архаічнымі спевамі. Людзі, якія ўпершыню іх чуюць – афігеваюць. Хтосьці плача, хтосьці хвалюецца, камусьці смешна, у іх прыступы істэрычнага смеху – ва ўсіх па-рознаму.
«Галоўнае – запусціць поп-хвалю»
KYKY: Наконт спрашчэння: беларускае становіцца модным, але таксама ў спрошчаным варыянце. Гэта добра?
Руся: Я думаю, добра. Чаму не? Галоўнае – запусціць гэту поп-хвалю, а потым ужо непатрэбнае само адсеецца. Што застанецца, калі не будзе гэтай хвалі? А так хаця б інфармацыя пройдзе праз вялікую колькасць людзей, нехта зачэпіцца за яе.
KYKY: Але размаўляюць па-беларуску па-ранейшаму нямногія. Гэта трэба змяняць?
Руся: Ох, ну і пытаннечка! (Смяецца) Не ведаю. Хіба ж прымусіш людзей? Часта кажуць, што беларуская мова страціла сваю камунікатыўную функцыю, што толькі тыя людзі, якія асэнсавана робяць выбар у бок беларускай мовы, нейк працягваюць яе кволае жыццё. Мы нават не ведаем адказу, ці варта нешта мяняць, ці ёсць у гэтым сэнс. І калі гэты сэнс ёсць, то для мяне ён пакуль размыты. Свет размаўляе на англійскай мове, у нас – рускамоўнае асяроддзе, і ўвогуле мы моцна прывязаныя да расійскага інфармацыйнага кантэнту. Што тут рыпацца? І як ты будзеш гэта рабіць? Хіба такімі ініцыятывамі, як Shuma, Катвіцкая ці Port Mone? Смешна! Гэта ж максімум 2% на ўсю краіну. Як дасягнуць вяртання мовы? Толькі пры дапамозе дзяржавы. Усё, што можам мы – падтрымліваць мову ўласным прыкладам і асветай. Вось мы з мужам дома размаўляем выключна па-беларуску. Атрымліваецца нават, што з самымі блізкімі мы таксама заўсёды стасуемся па-беларуску – гэта як фільтр даверу.
Зрабіць з архаікі бізнэс
KYKY: Ёсць меркаванне, што гісторыя – гэта сто разоў перапісаныя казачкі, і ніякай праўды ў ёй няма. А ў архаіцы праўда ёсць? Ці, можа, гэта ўжо ніякая не архаіка, а штосьці, на што за доўгі час наляпілася шмат слаёў?
Руся: Ёсць нейкія арыентыры, абапіраючыся на якія, чалавек, што вывучае архаіку, здольны зразумець, належыць песня архаічнаму пласту ці сучаснаму, дахрысціянскаму перыяду ці пасляхрысціянскаму. Па-першае, адмысловыя словаспалучэнні ці старажытныя дыялекты. Канешне, у песні могуць трапляцца і новыя словы, але прысутнасць старой мовы намякае на тое, што спеў сапраўды архаічны. Па-другое, тыпавы напеў, мелодыя. Калі слухаеш тую ж электронную музыку, то па гуку і аранжыроўках яна можа быць сучаснай, але па мелодыцы і вакалу чуеш: гэта этніка. Розныя інтэрвалы паміж нотамі ўласцівыя розным культурам і розным эпохам.
KYKY: Але раз можна так раскласці песню, то гэта значыць, што яе можна і імітаваць?
Руся: Гэта так, і такія эксперыменты нават былі. Напрыклад, у Машы Яр і Пацяма з гурта Onegin ёсць альбом, дзе паміж сапраўды архаічнымі спевамі Маша імітавала і лексіку, і мелодыку, і ўсё гэта гучала сапраўды як архаіка.
KYKY: А прадаваць нашу архаіку можна? Можна зрабіць з яе бізнес?
Руся: Можна. Ёсць прыклады ў свеце – напрыклад, ісландскі гурт Samaris, які паспяхова кладзе на электроніку сярэднявечныя спевы. Фіны, мексіканцы, палякі – усе робяць такія праекты. І гэта не слухаецца як нейкі там «Иван Купала» – туц-туц-туц, «чарка на пасашок», гэта актуальная і прыгожая музыка.
KYKY: А дзе ж тады бізнес-планы?
Руся: Бізнес-планы патрабуюць пачатковага капіталу! Каб стварыць прадукт, трэба ў яго ўкласці грошы. Канешне, ствараць прэцэдэнты трэба, але пакуль няма мецэнатаў.
«Трэба адшукаць нейкую старую будоўлю, прывезці туды гук і зладзіць напаўімправізацыйны тэхна-канцэрт!»
KYKY: Shuma рыхтуецца пажынаць першы вялікі ўраджай. Што далей будзеце сеяць?
Руся: Nick Cherny спыняе працу з Shuma – ён вырашыў змяніць сваю дзейнасць з музычнай на іншую, атрымлівае новую адукацыю. Наш кантрабасіст і клавішнік Лёша Будзько бярэ асноўныя функцыі на сябе, будзе займацца лайвам, на 20 чэрвеня ён рыхтаваў лайв-сэт. Мы з Shuma Voices спрабуем зрабіць эксперыментальны індастрыял-шаманскі праект з беларускім артыстам Ne Tek. Ён вельмі добра працуе з гукамі, мы сустрэліся колькі разоў, паспрабавалі паспяваць архаічныя спевы пад яго тэхна, і атрымалася вельмі клёва. Трэба адшукаць нейкую старую будоўлю, прывезці туды гук і зладзіць напаўімправізацыйны тэхна-канцэрт!
Так што эксперыментуем далей. Вядома, Nick Cherny час ад часу будзе далучацца да нас, як і Alexis Scorpio, але мы будзем працаваць і ў іншых фарматах. Ёсць вельмі шмат стыляў, якія можна спалучаць з архаікай.
KYKY: Атрымліваецца, Shuma – не канкрэтны склад, а праект у руху, што круціцца вакол Русі?
Руся: Так, мне падаецца, што ёсць шмат цікавых музыкаў, з якімі можна было б папрацаваць. Вось, напрыклад, на нядаўнім фестывалі Mental Force мне вельмі спадабаліся Khmarun – беларус, які жыве ў Санкт-Пецярбургу – і De Bronhe, яшчэ адзін гарэза на танцполе. У нас ёсць вельмі якасныя музыкі, цікавыя, са сваім характарам, толькі ім уласцівым. Ды і які сэнс утрымліваць нейкі канкрэтны сталы склад музыкаў, калі невядома, калі ў цябе здарацца наступныя канцэрты? Гэта ж не твой асноўны бізнес, які працуе як гадзіннічак.