Гэтыя мясціны могуць прэтэндаваць і на тое, каб звацца самымі цвёрдымі ў Беларусі. На мове дакументаў, тут здабываюць “шчыльныя горныя пароды'. Па нашаму — граніт. 18 мільёнаў тон за год, ці па 50 тысяч тон за дзень, калі ўлічваць выходныя і святы. А ўлічваць іх трэба, бо здабыча не спыняецца ні на хвіліну. “Наш завод — як ровар, — жартуюць тут. — Не можа спыніцца і стаяць. Бо калі спыніцца, запусціць ізноў будзе вельмі складана…'
50 тысяч тон за дзень — гэта тысяча БелАЗаў, якія мусяць заехаць у кар'ер і вярнуцца наверх. З агляднай пляцоўкі яны выглядаюць, як цацачныя машынкі. Але пра ўсё па чарзе.
Выязджаем, як заўжды, з першымі пеўнямі. Ехаць да Мікашэвічаў зручна: на поўдзень з Мінску вядзе прамая, як страла, Слуцкая шаша, яна ж траса Р23. Паўтараць памылкі мінулых вандровак не хочам, таму едзем амаль не спыняючыся. І прыкідваем, куды заедзем на зваротным шляху: аблізваемся на Дудуткі і на славутыя саляныя адвалы пад Салігорскам.
Спярша пад'язджаем да кар'ера партызанскімі сцежкамі. Усё, як мы любім: паварот у лес, вузкая сцежка, Tiguan цягне ў горку, КПП са шлагбаумам, праз які нас не пускаюць. Добра, едзем уздоўж кар'ера, пакуль нас не спыняюць бетонныя блокі. І вылазім з машыны на вал, з якога — о цуд! — добра відаць, што адбываюцца ўнізе.
Калі б усё навокал не было ўтыкана знакамі “Вядуцца выбуховыя працы', было б яшчэ лепш. А так… Абстаноўка крыху нярвовая. Пасля мы даведваемся, што за межамі кар'ера ўвесь час назіраюць у біноклі. І калі б мы, напрыклад, задумалі пералезці праз вал і спусціцца ўніз, хвілінаў праз пяць-дзесяць ужо б з камфортам ехалі да адміністрацыйных будынкаў “Граніту'.
На кар'ер можна трапіць і афіцыйна, але на “экскурсію' трэба запісвацца загадзя. Іначай трэба быць гатовым да доўгіх перамоваў з адміністрацыяй завода, складанасць якіх яшчэ і ў тым, што ад галоўнага ўваходу на прадпрыемства да офіснага будынку топаць кіламетры паўтара. Нарэшце, нашу прысутнасць на заводзе ўзгадняюць і даюць нам суправаджаючага. На ўездзе пільна даглядаюць Tiguan: шукаюць каністры, каб мы не вывезлі салярку за прахадную.
Ад аглядная пляцоўкі да дна кар'ера блізу 120 метраў. З яе не бачна, што робіцца пад табой, але супрацьлеглыя сценкі як на далоні. Найбольш уражваюць нават не БелАЗы, якія лётаюць па серпантыне, ледзь не сутыкаючыся люстэркамі, а вада, якая на розных узроўнях прабіваецца з-пад зямлі. Адмысловымі каналамі яе адводзяць на дно, але ў адным месцы ўтвараецца сапраўдны вадаспад метраў 10-15 вышынёй! Гэта самы высокі вадаспад у Беларусі. Яго галоўны канкурэнт на рацэ Вята ў Мёрскім раёне ніжэйшы разоў у пяць.
На дне кар'ера стаяць насосы, якія адпампоўваюць ваду круглыя суткі. Дзень іх працы каштуе 1 мільярд рублёў, распавядаюць нам на прадпрыемстве. А калі іх спыніць, кар'ер пачне імкліва затапляцца. Па разліках, за першыя два гады будзе затоплена прыкладна 10 метраў. Пасля вада запаволіцца, бо будзе ціснуць на дно кар'ера і стрымліваць пад'ём. А цалкам кар'ер схаваецца пад вадой за 25 гадоў.
Штодня на працу ў кар'еры выходзіць больш за 50 кіроўцаў БелАЗаў. Самая крупная машына, што тут працуе, — 60-тонка. То бок, далёка не самы вялікі самазвал з тых, што ёсць зараз. Але, каб пашырыць дарогі ў кар'еры для больш вялікіх машынаў, трэба спыняць здабычу мінімум на паўгода. Але завод немагчыма спыніць нават на дзень… Таму ўсё працуе так, як працуе. І будзе так працаваць, пакуль граніт не скончыцца.
Развітваемся з кар'ерам. Сонца яшчэ высока, таму паспяваем дакрануцца да іншай легенды паўднёвай Беларусі — тэрыконаў пад Салігорскам. Касмічныя пейзажы! Але бліжэй не падбярэшся. Перыметр патрулюецца, ды і небяспечна: праваліўшыся ў соль, можна назаўжды развітацца з ботам, а можна застацца ў адвале цалкам…
Недалёка ад адвалаў сустракаем… Нешта. Дзіцё чупакабры! Адразу прыгадваем, што недалёка Старобін, які не так даўно трымала ў жаху загадкавая жывёла. Істота, што трапілася нам, вядома, падобная да невялічкай лісы. Але мы не даем увесці сябе ў зман і робім некалькі кадраў чупакабры, якія неўзабаве прэзентуем у Акадэмію навук. На жаль, чупакабра адмовілася рабіць з намі сэлфі і хутка схавалася ў траве.
Пад самы захад мы паспяваем заехаць у Дудуткі, каб перадаць прывітанне самым ветраным месцам Беларусі. Млын тут дагледжаны, аж прыемна паглядзець.
У Мінск, вяртаемся, як заўжды, уночы. Цяпер можам усім казаць, што ў сезон адпачынкаў паспелі ненадоўга з'ездзіць на поўдзень.
Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».