“Я дзіўлюся, як у нас няма 100 трупаў. Моладзь у нуль, дурэе. З абрываў скачуць, чаго толькі не твораць!' — перажывае Раман Ваўчок, каардынатар турыстычнай дэстынацыі “Па слядах старажытных шахцёраў'. Ён вядзе каманду КУКУ.ORG уздоўж мелавога кар'ера, які хлопцы з Краснасельскага называюць “Базаўскі'. Ізумрудная вада, за якую гэтыя мясціны празвалі беларускімі Мальдзівамі, метраў на дзесяць унізе. Па берагах кар'ера растуць хвоі, паміж якімі раз-пораз трапляюцца пустыя пластыкавыя бутэлькі і падраныя шлапакі.
Трупаў сапраўды не бачна. Унізе мы заўважаем хлопцаў, якія загараюць на камянях. Раман іх добра ведае — ён працуе трэнерам па плаванні ў суседняй Росі.“На мове вытворчасці кар'еры называюцца лінзамі. Лінза №1, лінза №2… Але ў тутэйшых кожнае возера мае сваю назву. “Мелавое', “Блакітнае'… У дзяцінстве мы на кар'еры асабліва і не хадзілі купацца, — працягвае наш гід. — Хіба што на “Марс' — гэта кар'ер з чырвонымі берагамі, далёка за лецішчамі, у самым канцы'.
Калі ты ўглядаешся ў лінзу, лінза ўглядаецца ў цябе. Парушаць чароўны спакой вады, гладкай, як шкло незвычайна глыбокага зялёнага колеру, не хочацца. Купацца? Шашлыкі? Музыка? Навошта… Вось ён — момант ісціны, для якога варта адмахаць 300 км з Мінску. Але пра ўсё па чарзе.
Каб за дзень паспець у Краснасельскі і назад, выпраўляемся ў вандроўку, што называецца, з першымі пеўнямі. 170 км праносяцца за вокнамі нашага Volkswagen Tiguan у адно імгненне… Ці гэта проста я заснуў? Так ці інакш, за Баранавічамі паварочваем з добра знаёмай трасы Е30 на Р99. Калі вельмі хочацца, можна выехаць на Р99 і праз Баранавічы. Там, безумоўна, ёсць на што паглядзець. Але памятайце правіла №1 горада Баранавічы: не прапускайце патрэбныя павароты ў горадзе Баранавічы! Давядзецца доўга вяртацца на патрэбны шлях.
Першы прыпынак робім у Сынкавічах, побач з царквой Святога Архангела Міхаіла. Гэта адзін з першых гатычных храмаў у Беларусі, царква абарончага тыпу. Храм стаіць на ўскрайку вёскі, але бачна яго здалёк. Да яго пракладзеная добрая дарога. На жаль, зараз у царкве ідзе рэстаўрацыя, і агледзець ваколіцы з вежаў нас не пускаюць. Затое непадалёк можна спыніцца побач з крынічкай. Людзі прыязджаюць сюды з 19-літровымі балонамі, надоўга запасаюцца святой вадой.
У Зэльве нас чакае яшчэ адзін славуты храм, на гэты раз — каталіцкі. Гэта Троіцкі касцёл. Па дарозе да яго праязджаем цудоўнае возера — Зэльвенскае вадасховішча. Яго бачаць усе, хто едзе з Мінску на мелавыя кар'еры. Вада чыстая, берагі роўныя, ёсць і пляж, і цень, і рыбалка неблагая. Нават домік можна арэндаваць непадалёк. Але людзей няшмат. Усіх вабяць кар'еры, незвычайныя і небяспечныя.
Перад Ваўкавыскам паварочваем з Р99 направа, на Р44. Хвілінаў праз дваццаць па левую руку з'яўляецца вялізарны завод. Гэта і ёсць “КраснасельсксБудматэрыялы' — першапрычына “беларускіх Мальдзіваў'. І тут варта адразу разабрацца: ёсць “новыя' кар'еры і “старыя'. Першыя — тэхналагічная зона на захад ад Краснасельскага. Гэта хаця і адпрацаваныя, але адносна свежыя кар'еры, запоўненыя вадой, дзе забаронена знаходзіцца і тым больш — купацца. Восем гадоў пасля заканчэння здабычы кар'еры застаюцца на балансе завода.
“Старыя' кар'еры знаходзяцца на поўдзень ад Краснасельскага. Працы на іх ужо сорак гадоў як скончыліся, таму тут вы не знойдзеце таблічак з забаронамі. На “старых' лінзах любяць адпачываць тутэйшыя хлопцы. Па-першае, яны бліжэй да горада; па-другое, вада тут чысцейшая, бо лепш адстаялася; па-трэцяе, гэтых кар'ераў не бачна з трасы. Турыстаў (мітусні, “чужой' музыкі, смецця…) тут нашмат менш. Бо (па-чацвёртае) турысты не вельмі хочуць сутыкацца з тутэйшымі хлопцамі.
Менавіта на “старых' кар'ерах стваральнікі турыстычнай дэстынацыі “Па слядах старажытных шахцёраў' прапанавалі стварыць якую-ніякую інфраструктуру для культурнага адпачынку. “Мы распрацавалі стратэгію, каб уся гэтая шалёная плынь “дзікага' турызму прыносіла не толькі смецце, але хаця б якую-небудзь карысць раёну. Сувенірка, пражыванне, харчаванне, — распавядае Раман Ваўчок. — Мінскія экскурсаводы ведаюць кар'еры ўздоўж і ўпоперак. Возяць сюды экскурсіі, атрымліваюць грошы. Ды і без іх па выходных усё тут у намётах. А Краснасельскаму з гэтага што?'
Выглядае ўсё проста: паставіў на беразе кар'ераў касу і бяры грошы з кожнага, хто спускаецца да вады. Такі сабе курортны збор. Але ўзгадніць ператварэнне колішняга прамысловага аб'екта ў турыстычны ніхто не наважаецца. Чыноўнікам прасцей адмахнуцца ад кар'ераў. Маўляў, тут нічога рабіць нельга. Абнесці плотам, скінуць адвалы ў ваду. Тым часам месцы, дзе “нічога нельга зрабіць', з задавальненнем наведваюць тысячы турыстаў-“дзікуноў' за год.
Раман паказвае нам месца на “старых' кар'ерах, дзе на машыне можна пад'ехаць амаль да самай вады. Побач, у цені пад невялічкім абрывам, ужо другі тыдзень “адпачывае' дом на колах. Трава каля берага прымятая намётамі, знятымі ўчора ці нават сёння раніцай. “Буйную будоўлю тут разгортваць нельга. Нельга ўзводзіць, як чыноўнікі кажуць, капітальных будынкаў, можна толькі добраўпарадкаваць. Прыбраць звалку, разраўняць пляцоўку, насыпаць пясочку, паставіць тры альтанкі, — распавядае пра перспектывы турыстычнага раю Раман Ваўчок. — Нас часам пытаюцца: “Як вы збіраецеся грошы на гэтым зарабляць?' Ды мы не думалі яшчэ пра гэта! Гэта не бізнэс. Увязаліся ў гэта ўсё… Проста таму, што хацелася. Дзяніс [Дзяніс Ваканаў, паплечнік Рамана па “Па слядах старажытных шахцёраў' — заўв. рэд.] дзесяць гадоў збіраўся будаваць музей. Я ўсё жыццё ў турызме, у спорце. Гэта пакуль што проста цацка. Ваджаемся. Атрымаецца — не атрымаецца…'
Думаю, вы ўжо не раз звярнулі ўвагу на незвычайную назву дэстынацыі, якую каардынуюць Раман і Дзяніс. Сляды старажытных шахцёраў знаходзяцца зусім побач. Пяць тысяч гадоў таму людзі шукалі на мясцовых пагорках крамень для сякераў. Рагамі аленяў і іншымі прыладамі ўкопваліся на некалькі метраў у зямлю, пакідаючы пасля сябе калодзежы па 5-6 метраў глыбінёй. Захавалася больш за 80 такіх месцаў! У сярэдзіне ХХ стагоддзя на шахтах прайшлі раскопкі, пасля іх закрылі бетоннымі “блінамі', на якія лёгка натрапіць, блукаючы паміж лінзаў.
Новыя кар'еры агаломшваюць сонцам і шумам. Дарога з трасы да іх вядзе наўпрост праз поле. Пакідаем сваю машыну побач з іншымі і заглядаем з абрыва ўніз, дзе, ля вады, кіпіць курортнае жыццё. Тут грае музыка, смажыцца мяса. Хлопцы цягнуць да вады вялізны надзіманы матрац, нехта проста ляжыць на посцілцы. Высока над прорвай, на адвале таксама стаіць намёт, побач з ім у задуменні сядзіць дзіця гадоў трох-чатырох. Дарослых не бачна.
“Усе зараз “наехалі' на завод, — працягвае Раман. — Маўляў, чаму не паставіць тут прыбіральні, чаму не вывозіць смецце? Але завод не мусіць гэтым займацца, гэта зусім не яго справа!' Ганяць нелегальных турыстаў таксама няма каму: у завода няма для гэтага людзей, у леснікоў — паўнамоцтваў, а міліцыя не можа штрафаваць не мясцовых жыхароў — можа толькі скласці пратакол. Адзіны закон на кар'ерах — ДАІ, якая мае права эвакуяваць машыны з-пад забараняючых знакаў.
Турыстаў паспрабавалі спужаць санстанцыяй — маўляў, у “новых' кар'ерах вада непрыдатная для купання. Турысты не спужаліся, затое забарона стала яшчэ адной перашкодай на шляху “акультурвання' лінзаў. Калі вада небяспечная, дык тым больш ніякую інфраструктуру развіваць немагчыма. Адзіная надзея, што ваду ў “старых' кар'ерах санстанцыя прызнае чыстай.
Развітваемся з кар'ерамі на абсалютна касмічным “Гранд-каньёне' — лінзе з цёмнымі, амаль чырвонымі берагамі. Шлях да яе ляжыць па дарозе з белымі дрэвамі. Зусім побач ідзе здабыча. Мел асыпаецца з БелАЗаў і асядае на ўсім, што ёсць навокал. Краснасельскі — мястэчка белых людзей! Дарогу на “Гранд-каньён' знайсці нескладана: усе кар'еры добра бачныя на google-картах, таму, калі ў кішэні тэлефон з інтэрнэтам, не згубіцеся.
Што маем у выніку? Пытанне: “Чые кар'еры?' — стала нагодай для колазвароту адказнасці паміж чыноўнікамі. Раён пакуль што не можа скарыстацца турыстычнай разынкай, што трапіла ў яго рукі. У Беларусі адзінкі аб'ектаў, якія выклікаюць такую ж цікавасць. Але пакуль што ад “беларускіх Мальдзіваў' толькі гемарой, калі хто-небудзь раптам патоне. Адказваць за чарговага неасцярожнага “дзікуна' не хоча ніхто.
“На дэсерт' Раман вязе нас у родную Рось. Паказвае каменны вадзяны млын у пяць паверхаў вышынёй — такіх няшмат засталося ў Еўропе. Будынак можна было б ператварыць у гатэль для наведнікаў кар'ераў, але і тут праблема. Калгас, якому належыць млын, не можа сабраць дакументы для яго продажу. На іх афармленне патрэбныя немалыя грошы. Таму, нават калі знойдзецца інвестар, “укласціся' будзе складана.
На зваротны шлях мы пакінулі ледзь не больш, чым на дарогу туды. Паесці заязджаем у Ваўкавыск, харчуемся ў піцэрыі. Пасля ізноў праязджаем Зэльву — радзіму паэткі Ларысы Геніюш — а за горадам зварочваем налева, на Р142. У нашых планах Наваградак і Мір, але побач з Дзярэчынам робім незапланаваны прыпынак ля незвычайнага зборышча камянёў за агароджай пасярод поля. І апынаемся на старых габрэйскіх могілках.
Часу застаецца зусім няшмат. У Мір прыбываем, калі сонца ўжо заходзіць. Што ж, такога Мірскага замку мы яшчэ не бачылі!
Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».