“Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў', – з усмешкай казаў калісьці пра Мядзельшчыну, багатую на залацістыя палі і раскіданыя камяні-гіганты, паэт Пімен Панчанка. У такім разе можна толькі здагадвацца, колькі беларускіх мястэчак і вёсак пракарміў бы звычайны тамтэйшы рыбак. Бо гэта зямля – сапраўднае блакітнае сэрца Беларусі, з дзясяткам вялікіх і малых, глыбокіх і доўгіх азёр. Менавіта сюды мы і адправіліся ў чарговую вандроўку праекта “Наваколле'. Толькі мэта наша – не Нарач, а магічныя, казачныя Блакітныя азёры.
Мы пакідаем Мінск сонечным ранкам і на добра правераным “Volkswagen Tiguan' едзем наўпрост на Плешчаніцы. Паабапал дарогі стаяць спічастыя, цёмныя елкі, па салоне час ад часу гуляе цёплы летні вецер, а калонкі размаўляюць з намі голасам Алекса Капранаса. Дарога чыстая, і таму наш кіроўца сапраўды можа лічыць сябе “лакі мэнам', уладаром шашы. Па пятніцах і суботах дарогі на Мядзел ператвараюцца ў шалёны рух з доўгімі караванамі аўтамабіляў. І гэта без уліку рускіх турыстаў, да якіх тут ужо амаль прызвычаіліся. Але зараз толькі панядзелак, а таму дарога падае магчымасць спакойна разглядаць мясцовыя славутасці. Плешчаніцы, напрыклад, надоўга ўрэжуцца ў памяць вось гэтай звалкай металалому.
Тут, як аказалася, можна адкапаць не толькі старыя, як кепка Ільіча, батарэі, але і цалкам “жывы' чайнік. Такі вось жалезны сэканд-хэнд.
Чым бліжэй мы набліжаемся да Мядзела, тым часцей сустракаем цікавыя мясціны па шляху. Крыху ўбаку застаецца мястэчка Ілья з цагляным, каменным касцёлам Найсвяцейшага Пана Езуса, які сёлета адзначае сваё 105-годдзе. Але самая цікавая сучасная мясцовая гісторыя звязана далёка не з каталіцкай святыняй. Колькі гадоў таму ў вёску з Амерыкі прылятала акторка Ліза Кудроў, выканаўца ролі бландзінкі Фібі Буфэ ў папулярным серыяле “Сябры'. Тое, што рабіла тут Кудроў, таямніцай не стала. Амерыканка здымала дакументальную кінастужку пра сваіх прашчураў-яўрэяў – жыхароў вёскі Ілья. Кажуць, яна была вельмі ўражана, калі даведалася, што яе прабабуля стала ахвярай Халакоста.
А на поўнач ад Ільі ляжыць Вілейскае вадасховішча, між іншым, самае буйное ў Беларусі. І калі перасякаем яго па мосце да вёскі Сосенка, не бачым крайняй кропкі. І не дзіўна! Бо ў даўжыню вадасховішча дасягае 27 кіламетраў! Яшчэ паўгадзіны і мы спыняемся ля Сватак, аграгарадка непадалёк ад Мядзела.
Направа ад нас бяжыць дарога на Новікі, далей на Пількаўшчыну. Два пункты – месца пахавання і нараджэння – выбітнага паэта Максіма Танка, якія сталі пачаткам і канцом ягонага жыцця. Цікава, што ў акрузе літаральна кожная мясціна звязана з імем паэта. Вось і вёска Шкленікова, якая таксама ляжыць на нашым шляху, прымала ў сваіх хатах Максіма Танка. Толькі яшчэ зусім маленькага Яўгена Скурко, які два гады адвучыўся тут у мясцовай польскай школе. Знайсці яе ўжо немагчыма. Аб ёй нагадвае толькі склеп на ўскрайку вёскі. Раней у ім настаўнікі хавалі свае харчы, а цяпер нехта “захоўвае' смецце.
Наогул, галоўнай асаблівасцю Шкленікова, як і многіх вёсак у гэтым краі, з'яўляецца брукаванка. Так-так, менавіта тая, якую клалі яшчэ за палякамі, да 1939 года.
– Кожны мусіў брукаваць вуліцу каля свайго дома, – апавядаюць нам у вёсцы. – Ну а калі гаспадар не мог сам, запрашаў дасведчаных брукароў з суседніх вёсак.
Палякі таксама актыўна прымушалі мясцовых будаваць… драўляныя прыбіральні. А вось зараснікі тытуню ім надта не падабаліся, а таму на вырошчванні гэтай расліны ў гэтым краі паставілі крыж. Мы пакідаем вёску і заўважаем невялічкае азярцо, парослае хмызняком.
І зноў, як кажуць, месца няпростае. Менавіта гэтай запрудзе, так званаму Шкленікаўскаму возеру, над якім зараз тырчаць некалькі вуд рыбакоў, Максім Танк прысвяціў свой першы верш. Ён, на жаль, не захаваўся, аднак якраз яго, “Легенду пра Шкленікаўскае возера', будучы народны паэт лічыў стартам у літаратуры.
Мы набліжаемся да Блакітных азёр і кожная вёска здаецца помнікам даўніны. У Шэметаве, напрыклад, на ўзгорку захаваўся касцёл, а вось ад мясцовай сядзібы засталіся толькі парэшткі – напаміны пра тыя часы, калі Скірмунты развілі тут добрую прамысловасць і пабудавалі млын, цагельню. Што казаць, калі нават на крыху захаванай вінакурні ўсё абсталяванне было выключна замежным.
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Блакітныя азёры' сустракае нас дагледжанай паркоўкай і пільным касірам у альтанцы. Ён збірае з кожнага наведвальніка па 10 тысяч беларускіх рублёў і, як чараўнік, адкрывае для іх шлях да Блакітных азёр. Іх тут – тузін, і каб абысці кожнае прыйдзецца выдаткаваць на падарожжа цэлы дзень.
Заблукаць сярод гэтых азёр, драўляных фігурак, пагоркаў, якія асабліва рамантызаваныя асобы назвалі беларускай Швейцарыяй, амаль немагчыма. Ледзь не на кожным кроку адпачывальнікаў чакаюць даведачныя шчыты з разнастайнай інфармацыяй выключна на славянскіх мовах.
Праз хвілін 20 гарыстых пад'ёмаў мы нарэшце дасягнулі Мёртвага возера. Яно такога насычанага цёмнага колеру, што нагадвае вяліку тлустую пляму на роўнай паверхні.
Рыба ў ім амаль не жыве. А ўсё з-за таго, што катлавіну возера ўтварае верхавое балота, а таму ў ваду не трапляюць мінеральныя рэчывы.
Праўда, навуковаму абгрунтаванню ёсць і містычная альтэрнатыва. Паводле падання, сюды калісьці перасяліліся вікінгі. Сваіх забітых падчас сутычак сяброў яны апускалі ў ваду, а памерлых ад старасці спальвалі, кідалі попел на дно сумнага возера. Вось пасля таго вадаём і назвалі Мёртвым. Насамрэч гэта вельмі маляўнічае возера. І калі мы зрабілі некалькі здымкаў з квадракоптэра, пераканаліся ў гэтым яшчэ некалькі разоў. Можаце пераканацца і вы.
Возера Глубелька, аточанае зараснікамі меч-травы, – яшчэ адзін хіт у спісе мясцовых легендаў. Толькі ў адрозненне ад Мёртвага, тут хапае турыстаў. Вада такая празрыстая, што можна выразна ўбачыць, як каля тваіх ног плавае дробная рыба. Асабліва прыгожа яно выглядае з аглядальнай пляцоўкі, з якой добра бачна ўсё наваколле.
Ну калі ты маеш добрую фантазію, дык можна ўявіць, як вунь за тымі зялёнымі лясамі наперадзе ляжыць Нарач, сапраўдная каралева беларускіх азёр. Дарэчы, з сувяззю тут таксама ўсё на ўзроўні – працуе добра. Выпрабавана на сабе!
Безумоўна, каб больш ведаць пра Блакітныя азёры можна замовіць экскурсавода. А ён абавязкова табе раскажа, а можа яшчэ і пакажа, дзе плавае, уздымае ў рэчцы Страчы свой плаўнік-іракез харыус, даволі рэдкая рыба для нашых краёў, вудзіць якую забаронена.
Тут таксама расце лясны цюльпан, чырвонакніжнік, ці такая рэдкая расліна з групы архідэй, як Венерын чаравічок, альбо чарнакорань Рупрэхта, які апрача гэтай мясцовасці больш і нідзе ў Беларусі не расце. Бліжэйшае месца “пражывання' гэтай расліны – Паўночны Урал.
Пасля амаль трохчгадзіннага блукання па заказнікавых сцяжынках, пазначаных маршрутамі, мы сядаем у аўто і едзем ужо ў адваротным кірунку, і толькі аднойчы мяняем маршрут – паварочваем у краму, у мястэчка Свір. Цікава, што гандлёвых пунктаў у гэтым пасёлачку хапае, а стагоддзе таму іх наогул тут было больш за 30. Свір – гэта якраз тое месца, дзе лёс чалавека цалкам звязаны з возерам. Тут нават планіроўка населенага пункта падкрэслівае берагавую лінію возера. Што казаць, ваду тут сапраўды шануюць. Яна мястэчка і карміла, і прыбытак рыбаку прыносіла.
Сапраўднай архітэктурнай перлінай у Свіры лічаць касцёл святога Мікалая, пабудаваны ў стылі эклектыкі (адмысловая мастацкая мяшанка, усяго патроху ад некалькіх стыляў).
Ён хоць і апрануты ў сетку будаўнічых рыштаванняў, бо ідзе рэканструкцыя, але набажэнствы унутры адбываюцца пастаянна. Зараз, праўда, вечар, у храме ціха, нават крыху прахалодна. Звонку ледзь чутны галасы рабочых. Асаблівы каларыт касцёлу надаюць вітражы. На адным з іх, злева ад уваходу, адлюстраваны ў тым ліку хлопчык у піджаку і штанах – святы Дамінік Савіа, дзіця вялікай веры. Ён памёр у 14 гадоў і быў кананізаваны. З'яўляецца апекуном дзяцей і цяжарных.
Мы пакідаем Свір познім вечарам, калі сонца ўжо схілілася за гарызонт і вулачкі мястэчка цалкам апусцелі. Вязем назад уражанні і сапраўднае адчуванне таго, што пабывалі ў самым сэрцы блакітных азёр Беларусі, дзе вада – карміцель сем'яў, дзе ледзь не кожная мясціна звязана з іменем паэта, а над люстрай вады ўздымаюцца старадаўнія муры прыгажуноў-касцёлаў.
Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».