4 октября 2022, 16:49

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч склаў асабісты топ-30 рэчаў, якія трэба перажыць, каб лічыць сябе дасведчаным чалавекам. Мы публікуем яго калонку без змен — а вы пішыце ў каментарах у нашым тэлеграме, ці згоды з Бахарэвічам, і якія б пункты дадалі б у свой спіс.
 
«З вышыні сваіх гадоў, зь сівізны сваіх зубоў… Людзі судзяць іншых, сыходзячы з уласнага досьведу. Але што ёсьць чалавечым досьведам? Задумаўся пра гэта — і рука сама хутка накідала 30 пунктаў. Трыццаць рэчаў, якія (магчыма) чалавеку варта перажыць, каб лічыць свой чалавечы досьвед поўным і завершаным, дастатковым для таго, каб сказаць: я ведаю, што такое быць чалавекам — і магу зразумець іншых людзей, незалежна ад полу, гендэру, статусу, нацыянальнасьці і ўзросту. Зразумець не на ўзроўні ідэй, а сыходзячы з самога сябе.

Забаўны сьпіс — як ні прыкладай да сябе, думаеш: як шмат ты яшчэ не перажыў. Умоўны сьпіс, падманлівы сьпіс, наіўны сьпіс — і ўсё ж нечым ён мне падабаецца. Вось жа...

1.  Хвароба (боль, кантакт з дактарамі і мэдычнымі ўстановамі, цяжкі стан, лекі, шпіталі, інструмэнты, кропельніцы і г.д)

2. Сяброўства (чалавек, які выпадкова ўваходзіць у тваё жыцьцё і застаецца ў ім надоўга, безь якога тваё жыцьцё няпоўнае, чалавек, якому ты давяраеш абсалютна, чалавек, за якога і якому ты гатовы аддаць вельмі шмат — а ён табе і дзеля цябе)

3. Вера ў бога (вера ў найвышэйшую сілу, вера ў прадвызначанасьць, вера, якая можа скончыцца, вера, якую ты шукаеш)

4. Каханьне (таямніца, давер, прыцягненьне, Эрас і Танатас, штосэкундны абмен, неадольнасьць, растварэньне, залежнасьць, ідэалізацыя, супрацьстаяньне ўдваіх цэламу сьвету, краса і моц)

5. Сэкс (асалода, узаемпранікненьне, улада, зьліцьцё, экстаз, абсалютная часовая еднасьць, падмурак блізкіх стасункаў)

6. Здрада (балючы ўдар з боку блізкага чалавека, зьнішчэньне вобразу, страчаны назаўжды давер, шкода ад таго, ад каго ты яе не чакаў)

7. Нараджэньне дзяцей (цуд, да якога чалавек можа прычыніцца, шчасьце, выклік сьмерці, навука суіснаваньня, рэалізацыя сябе як біялягічнай істоты, інстынкт, вопыт выхаваньня)

8. Вайна (жах, гібель, сьмерць людзей навокал, парушанае жыцьцё, скрадзеная надзея, ворагі, вір гісторыі)

9. Рэвалюцыя (паўстаньне супраць улады, далучанасьць да зьменаў, выклік страху, надзея, еднасьць з супольнасьцю)

10. Творчасьць (любая стваральная актыўнасьць, якая зьмяняе цябе і сьвет і прыносіць задавальненьне, дыялёг са сьветам празь дзейнасьць)

11. Эміграцыя (працяглы час жыцьця па-за домам, існаваньне ў ролі чужога)

12. Турма (пазбаўленьне волі, вопыт існаваньня ва ўмовах, дзе цябе пазбавілі свабоды і правоў)

13. Слава (любое публічнае прызнаньне ад незнаёмых табе людзей, існаваньне ў ролі публічнай асобы)

14. Падарожжа (кароткачасовае перамяшчэньне ў прасторы за межы тваёй краіны і вяртаньне ў пункт адпраўленьня)

15. Няшчасны выпадак (раптоўнае здарэньне, наступствам якога ёсьць траўма або хвароба)

16. Расчараваньне ў ідэях (зьмена арыентыраў і каштоўнасьцяў, якія падаваліся непахіснымі)

17. Ахвяра (ты аддаеш нешта важнае бяз выгады для сябе, у імя чалавека, людзей, ідэі)

18. Суд (чалавек апынаецца ў месцы, дзе ягоны лёс вырашае грамадзтва або пэўная група людзей; чалавек мае толькі вельмі абмежаваны ўплыў на іх рашэньне)

19. Сьмерць блізкіх (каханых, бацькоў, дзяцей, сваякоў, сяброў)

20. Замежная мова (вопыт зьмены мысьленьня, пераключэньне на іншую сыстэму знакаў, творчасьць мозгу, адкрытасьць сьвету, магчымасьць зірнуць на яго вачыма іншых)

21. Разьвітаньне (сьвядомае выключэньне кагосьці блізкага з свайго жыцьця)

22. Падман (сьвядомая трансьляцыя табой таго, што ты лічыш няпраўдай, з рознымі мэтамі)

23. Мара (жыцьцё з надзеяй, існаваньне якой не залежыць ад вераемнасьці яе рэалізацыі)

24. Лідарства (адказнасьць за іншых і ўлада над іншымі, прынятыя табой на нейкі час)

25. Страх (няведаньне і прадбачаньне найгоршых наступстваў, якім ты гатовы скарыцца)

26. Супрацьстаяньне (выклік большасьці, выклік абставінам, спроба зьмяніць сытуацыю незалеждна ад магчымых наступстваў, адкрытая, актыўная абарона сябе, таго, у ва што верыш, тых, каго любіш)

27. Забойства (сьвядомае пазбаўленьне іншага чалавека жыцьця)

28. Злачынства (сьвядомае парушэньне законаў грамадзтва, якое робіць шкоду іншым людзям (але неабавязкова парушэньне законаў дзяржавы)

29. Багацьце (прыналежнасьць на нейкі час да тых, хто мае ўладу ў выніку валоданьня вялікімі матэрыяльнымі дабротамі, і карыстаньне імі)

30. Жабрацтва (існаваньне, пры якім чалавек ня можа забясьпечыць свае элемэнтарныя патрэбы, рэалізаваць свае здольнасьці і таленты і ня мае гарантаваных яму грамадзтвам правоў у выніку недахопу фінансаў і матэрыяльных сродкаў)»

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter
По теме