20 сентября 2022, 13:07

«У Бэрліне ва ўзросьце 69 гадоў памёр Алег Алкаеў, былы начальнік Валадаркі. 13 верасьня я паслала яму 5-ы эпізод падкасту «Красаўцы». Апошнім яго адказам мне было: «Спасибо, Анна! Всегда к вашим услугам». Журналістка Ганна Соўсь напісала вялікі пост аб тым, якім запомніла былога начальнік СІЗА на Валадарскага, кіраўніка «расстрэльнай каманды» Алега Алкаева. Мы публікуем яго цалкам. 
 
Даведка: Алкаеў кіраваў СІЗА на Валадарскага з 1996 па 2001 год. У 2001-м ён заявіў, што ўлады могуць быць датычныя да зьнікненьня і забойства апанэнтаў Лукашэнкі — старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. У 2002-м Алкаеў атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне.
 
«Упершыню мы сустрэліся ў 2000 годзе. На Валадарцы. Я працавала ў незалежнай газэце «Народная воля», накіравала запыт у ГУУС Менгарвыканкаму, што хачу напісаць пра зьняволеных жанчын на Валадарцы, і атрымала дазвол. Часы былі іншыя. Але хутчэй была справа і ў асобе начальніка Валадаркі, які выпісваў незалежныя газэты і не хаваў на сваім стале «Народнай волі». «Экскурсію» па Валадарцы ён зрабіў мне сам. І ня толькі ў жаночы корпус.

Завёў у мужчынскую камэру, дзе знаходзілася некалькі дзясяткаў чалавек, праўда, папярэдзіў, што прадставіць мяне зэкам як журналістку «Камсамолкі». Заводзіў у лязарэт, дзе ляжалі зьнясіленыя вязьні. Паказваў камэру, у якой сядзеў былы прэм’ер Міхаіл Чыгір. Падводзіў да камэры сьмяротнікаў і прапанаваў заглянуць у акенца. Тады было страшна.

Далей былі на кухні, я пакаштавала «баланду» з капусты. Есьці можна было. Алкаеў расказваў, што вязьні ведаюць, калі ў яго дзень народзінаў, бо тады ў іхным мэню селядзец зьяўляецца.

Я правяла на Валадарцы каля пяці гадзінаў. Моцным уражаньнем быў пах ізалятару. Мая вопратка і валасы ўцягнулі гэты пах, і мне доўга яшчэ было не па сабе ад яго. Я атрымала і невялікія сувэніры — перахопленыя «малявы» (перапіска вязьняў паміж камэрамі), якія доўгі час яшчэ ляжалі ў маёй менскай кватэры.

Перад публікацыяй Алкаеў зрабіў у маім артыкуле тры праўкі, якія, на маю думку, вельмі характарызуюць чалавека, які большую частку жыцьця працаваў за кратамі. Папрасіў прыбраць сказ пра ката Гешу, які жыў у жаночым аддзяленьні, якога спачатку называлі катом, а потым коткай. «Падумаюць, што коціка «апусьцілі», – такі быў аргумэнт начальніка СІЗА. Другая праўка тычылася эпітэту «пад цёмнымі ад вільгаці скляпеньнямі» — ён папрасіў выправіць на «цёмнымі ад старасьці скляпеньнямі». І апошняя — «надзірацеля» трэба было замяніць на кантралёра. Такая была насамрэч штатная адзінка. Мая публікацыя на газэтную паласу ў «Народнай волі» была сапраўдным эксклюзівам і для таго часу.

У той час яшчэ быў жывы Зьміцер Завадзкі, але, праўдападобна, што Алкаеў ужо ведаў пра расстрэльны пісталет і здагадваўся, што адбылося з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім.

Наперадзе будзе выбарчая кампанія 2001 году, калі кандыдат на прэзыдэнта  Ўладзімер Ганчарык агучыць інфармацыю пра датычнасьць да забойстваў найвышэйшых службовых асобаў і назаве канкрэтныя імёны. У той час Алкаеў ужо будзе ў Нямеччыне і адтуль дашле ў МУС заяву аб звальненьні.

З таго часу я падтрымлівала кантакт з Алегам Леанідавічам. Журналісцкі і чалавечы. У яго быў да мяне пэўны давер. Я паважала яго і ягоную думку.

Плянавалі мы зрабіць цікавы праект кшталту дуэлі — былы начальнік СІЗА сустракаецца са сваімі былымі вязьнямі — Чыгіром, Клімавым, Статкевічам. Алкаеў пагадзіўся. Ідэя, на жаль, не рэалізавалася.

Пазьней, падчас інтэрвію з Алкаевым з нагоды прызнаньняў Гараўскага, Алкаеў мне казаў: «Папраўдзе я хачу «дуэль» — жорсткую размову з Паўлічэнкам, пакуль той жывы».

Ужо няма самога Алега Алкаева, ключавога сьведкі ў справе зьніклых.
Наша апошняя сустрэча адбылася ў лютым 2022 году ў Бэрліне, за тыдзень да пачатку вайны. Я прыехала туды, каб запісаць Алега Леанідавіча для нашага падкасту «Красаўцы». Ён ведаў, як працуе сілавая сыстэма і чаму сілавікі не перайшлі на бок народу. Ацэнкі Алкаева ў падкасьце — адны з самых каштоўных і цьвярозых.

Мы сустрэліся ў гатэлі непадалёк ад Checkpoint Charlie, дзе я спынілася. Па нейкай іроніі ў памяшканьні гатэлю за савецкім часам было месца для сустрэч агентаў Штазі. І нашая сустрэча была ў пэўным сэнсе сакрэтнай. Алкаева ахоўвала паліцыя Бэрліну пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра плянаванае КДБ ягонае забойства.

Мы гаварылі гадзін пяць. Алкаеў расказваў пра няпростае жыцьцё ў Нямеччыне, пра цяжкую працу, пра заробленую пэнсію, аб праблемах са здароўем і расчараваньні ў многіх людзях, аб тым, як ён хоча жыць на пэнсіі і якія стравы любіць гатаваць. Пра мэмуары, над якімі працуе, надыктоўвае знаёмай жанчыне. Пра міліцыю, пра сыстэму, пра тое, якая яна была і павінна быць. Ён быў адданы сваёй справе, сваёй прафэсіі і перажываў, наколькі моцна ўпаў прэстыж працы ў міліцыі.

«Паводле закону», — найчасьцей гучыць у ягоных інтэрвію.

Алкаеў ніколі пра гэта не расказваў, але я ведаю ад розных людзей пра ягоныя добрыя справы — як ён дапамагаў беларускім уцекачам, як езьдзіў у суды ў розныя краіны, каб сваімі паказаньнямі дапамагчы людзям у розных сытуацыях…

А цяпер самае галоўнае. Алкаеў выехаў зь Беларусі з важным доказам — журналам, у якім запісвалі, калі быў выдадзены расстрэльны пісталет у траўні і верасьні 1999 году.

Гэты дакумэнт мае быць на сапраўдным судзе ў справе зьніклых. Ведаючы Алега Леанідавіча, я магу быць перакананая, што гэты дакумэнт у надзейным месцы і ён аддаў распараджэньні, што зь ім рабіць у выпадку ягонай сьмерці.

Таксама я ведаю, што ў Алега Алкаева былі аўдыёзапісы з кампраматам на многіх высокіх сілавікоў. І думаю, што ён таксама аддаў распараджэньні, што зь імі рабіць пасьля ягонай сьмерці.

Гэта ўсё яшчэ будзе. А сёньня я хачу цёплым словам зь вялікім смуткам успомніць міліцыянта, які ня стаў катам; сумленнага і разумнага чалавека, якога пазбавілі радзімы, чый унук у Нямеччыне пайшоў служыць у нямецкую паліцыю…
Сьветлая памяць».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter
По теме