11 февраля 2016, 10:36

Беларускі бітмэйкер Антон Мацулевіч, вядомы ў свеце як Tony Fadd, спрадзюсаваў новы сінгл гурта :B:N: «Хвалі». Пра гэта KYKY распавёў лідар гурта Алесь Лютыч: «Калi мы на рэпетыцыi рабiлi песню, нам усiм падалося, што не хапае ўсялякiх прыгожых электронных дробязей. Пасля рэпетыцыi я спытаў у Антона, ці зможа ён нам дапамагчы “зрабiць красату', i ён не адмовiў.

Я даслаў яму дэмку песнi, a праз пару дзён ён прыслаў мне прыклад таго, як ён яе бачыць. Атрымалася прыгожа, фiрмова i якасна».


:B:N: сябруе з Мацулевічам яшчэ з тых часоў, як ён сядзеў на бубнах у мінскім гурце IQ48. Музыкі шмат гралі разам на супольных канцэртах і фэстах. Зараз Антон, што называецца, выбіўся ў людзі. Улетку песня «Trap Queen», музыку да якой Tony Fadd напісаў для амерыканскага рэпера Fetty Wap, выбухнула на танцполах у ЗША і Вялікай Брытаніі. Зараз трэк намінаваны на Grammy, а кліп на яго набраў на Youtube амаль 380 мільёнаў праглядаў. Цырымонія ўзнагароджання лепшых музыкаў мінулага года адбудзецца ў Лос-Анджалесе 15 лютага.

«Хвалі» — падарунак ад :B:N: спецыяльна да Дня ўсіх закаханых. З гэтай песні пачынаецца праца над новым альбомам музыкаў з Берасцейшчыны. «Гэта хваля, якая нясе вясновы настрой, бо вясна не за гарамі! — кажа Лютыч. — Усё ў гэтым свеце ідзе хвалямі, ніякага штылю, штыль — гэта не наш стыль! Гэтую песню мы дорым сваім каханым, родным, сябрам. І, натуральна, дорым хвалю пазітыву, святла і рок-н-ролу нашым прыхільнікам!»

Фото: «Еўрарадыё».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter