На сайце map.letapis.by з'явілася інтэрактыўная карта Вялікага княства Літоўскага. Спускаючыся па восі часу, можна ўбачыць, як у розныя гістарычныя эпохі змяняліся межы нашай «краіны ў цэнтры Еўропы» і даведацца пра асноўныя падзеі яе слаўнай мінуўшчыны.
Карта ахоплівае перыяд з 1240-х гадоў, калі на наваградчыне ўтварылася ВКЛ, да нашых дзён. Асноўнай крыніцай звестак для праекту была кніга Уладзіміра Арлова «Iлюстраваная гiсторыя. Краiна Беларусь». Таксама яны грунтаваліся на інфармацыі з сайта hist-geo.net і «Вiкiпедыі».
«Гісторыя кожнай краіны — гэта гісторыя тых, хто ў гэтай краіне жыве. Усё, што мы робім, так альбо інакш уплывае на ход падзей, на тое, што адбываецца навокал, на чый-небудзь лёс або на гісторыю, — кажуць стваральнікі карты. — Кожнаму з нас патрэбна мець уласнае стаўленне да гісторыі сваёй краіны. Мы спадзяемся, што наша Мапа выкліча цікавасць да мінулага, забяспечыць гістарычнымі фактамі і прыцягне ўвагу да гісторыі Беларусі».